Наши на «Славянском базаре» : чем сенненские мастера собираются покорять Витебск

З 10 па 19 ліпеня ў абласным цэнтры стартуе 26-ты Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Для майстроў раённага Дома рамёстваў фестывальны тыдзень пачаўся задоўга да першых пазыўных фэсту. У гэтыя дні яны рыхтуюцца прэзентаваць гасцям святочнага Віцебска сваю сувенірную прадукцыю, вырабы народных промыслаў.

Імправізаваная крама-майстэрня ўстановы культуры будзе працаваць 13-14 ліпеня на тэрыторыі падворка Сенненскага раёна, што размесціцца па вуліцы Талстога.

А напрыканцы фестывальнага тыдня будуць падведзены вынікі абласной выставы-конкурсу сярод майстроў саломапляцення “Золата роднай зямлі”. Спадзяёмся ўбачыць сярод яго прызёраў і пераможцаў імя нашай зямлячкі Валянціны Грыбоўскай — супрацоўніцы раённага Дома рамёстваў. Яе аўтарскія работы з саломкі, выкананыя ў самых розных мастацкіх тэхніках, можна ўбачыць на выставе ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці ўжо ў гэтыя дні. Здзіўляць журы конкурсу канкурсантка ад Сенненшчыны плануе шыкоўнай калекцыяй саламяных галаўных убораў і адмысловымі сенненскімі павукамі, аздобленымі фасоляй і яйкамі-крашанкамі — такая вось рэгіянальная адметнасць.

 “Прадставім раён у лепшым відзе!” — упэўнена кажа Вольга Квашко, дырэктар культурнай установы. Па яе словах, сенненскія брэнды карыстаюцца попытам у наведвальнікаў фестывалю, дзякуючы сваёй аўтэнтычнасці і якасці выканання. І на гэты раз, спадзяюцца майстры, гандаль будзе бойкі.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.