«Палонная» прыбіральні

Чым больш жыву, тым больш упэўніваюся, што нашаму чалавеку выгоды і зручнасці не патрэбныя, не ідуць яны яму на карысць. Не ўмеем мы карыстацца зручнасцямі без страт для сябе. А любую выгоду можам ператварыць у нязруч­насць і праблему.

 Вось узяць хаця б выпадак у платнай прыбіральні, якая працуе ў будынку гарадской аўтастанцыі. Нездарма яна платная: усё прыгожа і выканана ў стылі еўрадызайну ( ну ці так, як мы яго разумеем). Плаці 300 рублёў, атрымлівай шматок туалетнай паперы і ідзі спраўляй патрэбу.

 Аднак не для ўсіх, як аказалася, паход гэты заканчваецца шчасліва (сама была сведкай). Ці то зашчапкі ў кабінках вельмі «кволыя», разлічаныя на вытанчаную ручку еўрапейкі, ці то ручкі карыстальніц прыбіральні занадта моцныя, але зашчапкі на дзверцах абламаліся, засталіся толькі невялікія стрыжанькі.

 Магчыма, замок спрацаваў аўтаматычна ці дзверка зачынілася  на запор з-за нейкай няспраўнасці (я так і не зразумела), але адна з наведвальніц прыбіральні аказалася запёртай у кабінцы. Спачатку яна намагалася вызваліцца ўласнымі сіламі: тузала і ручку, і дзверцы, спрабавала пакруціць рэшткізашчапкі, той стрыжанёк , што застаўся. Але дзе там! Запор трымаў надзейна. Білецёрка не звяртала ўвагі на валтузню, ці, мо, занятая, не чула.

 Прыйшлося «паланянцы» крычаць каравул. Касірка замітусілася, пачала даваць парады, пабегла па дапамогу. Малады чалавек, якога яна прывяла ў якасці ратавальніка, абследаваўшы дзверы, рэзюмаваў:»Голымі рукамі тут нічога не зробіш. Патрэбныя пласкагубцы».

 Перапалоханая жанчына, трапіўшая ў «пастку», пачала прасіць паратунку з новай сілай: «Выпусціце мяне! Выпусціце!!». Касірка, відаць, перапалохалася не менш, бо ў галаву ёй, нарэшце, прыйшла выратавальная ідэя: «Жанчынка, міленькая, лезце пад ніз! Паспрабуйце!».

 І «жанчынка», не чакаючы ўжо больш цывілізаванага вырашэння праблемы, палезла. А «паспрабаваць» трэба было добра, і вельмі. Хоць дзверцы і не даходзі­лі да падлогі, але пралезці пад імі можна было толькі сагнуў­шыся ў тры пагібелі.

 Хтосьці з наведвальнікаў грамадскай кропкі смяяўся адкрыта, хтосьці  хіхікаў употай. А няшчасная праціскалася ў адтуліну, з агідай імкнучыся паменш кантактаваць з падлогай, бо карыстацца ў прыбіральні не ўмеюць не толькі зашчапкамі…

 Таццяна Буракова.