Пераважаюць просьбы

Мой добры знаёмы з маладосці ў жыцці пры­трымліваецца прынцыпу, які некалі канцэнтравана выклаў Сенэка: «Кожны чалавек куе сваё шчасце сам». Таму праблемы, што перыядычна ўзнікаюць на шляху, ён імкнецца вырашаць самастойна. Заўважу, яму гэта ўдаецца амаль заўжды.

 Ёсць іншыя людзі. Пры ўзнікненні нават нязначнай перашкоды яны кідаюцца шукаць дапамогу. Псіхолагі нават асаблівы тып для іх вызначылі — «маміны дзеці». Менавіта гэтыя людзі найчасцей наведваюць прыёмныя прадстаўнікоў улады, пішуць скаргі. Справядлівасці дзеля скажам, што ўлада на працягу многіх гадоў сама стымулявала падобных грамадзян, абяцаючы «ўсё і ўся».

 Старшыня райвыканкама Эдуард Герасіменка вядзе прыём жыхароў рэгулярна, у адпаведнасці з графікам, у тым ліку ў Багушэўску, іншых населеных пунктах. І ніколі без наведвальнікаў такія прыёмы не застаюцца. Хоць, як заўважыла Людміла Макоўская, супрацоўніца сектара па зваротах грамадзян, іх усё ж стала менш.

 Вольга Руднік, жыхарка вёскі Маргойцы і шматдзетная маці, прыйшла да кіраўніка раёна з прэтэнзіямі на работу прыватнага гандлёва-будаўнічага прад­прыемства «Григторгстрой». Карыстаючыся пра­дастаўленай дзяржавай магчымасцю, жанчына ўзяла ў Беларусбанку крэдыт на рэканструкцыю дома, які ёй належыць на правах уласнасці. Згодна з умовамі дагавора работы павінны былі завяршыцца ў канцы кастрычніка.

 — Дапамажыце. Можа ўлада паўздзейнічае на падрадчыка, бо на дварэ канец восені, а работы — не пачаты край, — бедавала Вольга Руднік.

 — Чаму вы выбралі ў якасці падрадчыка прыватнае прадпрыемства, а не дзяржаўнае? У райвыканкама няма рычагоў, каб уздзейнічаць у даным выпадку, — не хаваў старшыня райвыканкама.

 Тым не менш, Максім Грыгаран быў запрошаны ў райвыканкам і даваў тлумачэнні. Не ўсё, што пачула на прыёме ў старшыні Вольга Руднік, яе задаволіла. Тым не менш эфект ад наведвання райвыканкама атрымаўся. Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, па неафіцыйнай інфармацыі нам стала вядома, што работы, пра­дугледжаныя каштарысам, выкананы. Рыхтуецца дадатковая дакументацыя. Работы зноў будуць фінансавацца  Беларусбанкам, бо шматдзетная сям’я мае значныя льготы пры будаўніцтве ці рэканструкцыі жылля, у тым ліку ў выглядзе незваротнай субсідыі. А вось работы на гэты раз будзе весці УП «Сян­нобудмеліяводгас».

 Прадпрыемства па вытворчасці драўніннага вугалю на тэрыторыі Сенненскага раёна працуе даўно. Сёння яно заснавана на прыватнай форме ўласнасці, зарэгістравана падатковымі органамі Оршы і мае назву «Пікнік». Яго заснавальнік Рыгор Баравік прыйшоў на прыём да старшыні райвыканкама таксама з просьбай аб дапамозе.

 Па словах наведвальніка, прадпрыемства з’яўляецца адным з буйнейшых у Беларусі вытворцаў драўніннага вугалю. У год работнікі «Пікніка» вырабляюць 18-25 тон запатрабаванай прадукцыі. Аднак вытворчасць знаходзіцца пад пагрозай спынення, бо прадпрыемства не мае ўласнага транспарту для дастаўкі сыравіны.

 — Некаторы час мы карысталіся паслугамі лясгаса, у апошнія месяцы — Сенненскага РУП ЖКГ. Наша супрацоўніцтва з камунальнікамі выгадна абодвум бакам. «Пікнік», не маючы свабодных фінансавых сродкаў, разлічваўся з раённым унітарным прадпрыемствам у выглядзе натураплаты, у якасці якой выступалі дровы па вельмі таннай цане. За гэта мы атрымлівалі транспартныя паслугі. У апошні час гэтая сістэма ўзаемадзеяння перастала дзейнічаць. Кажуць, вы забаранілі кіраўніцтву РУП ЖКГ супрацоўнічаць з намі, — звярнуўся Рыгор Баравік да кіраўніка раёна.

 Эдуард Герасіменка пацвердзіў, што па яго ўказанні ў камунальнай гаспадарцы праводзіцца праверка абгрунтаванасці і эканамічнай мэтазгоднасці заключэння дагавору паміж «Пікніком» і РУП ЖКГ. Пасля яе завяршэння будуць зроблены адпаведныя вывады. Нядаўна праверка, якую наладзілі супрацоўнікі аддзялення БЭЗ Сенненскага РАУС, завяршылася. Яна не выявіла ніякіх фінансавых парушэнняў. Супрацоўніцтва камунальнікаў і «Пікніка» пра­цягваецца.

 Пасля заканчэння Полацкага гандлёва-кааператыўнага каледжа Марына Гарбачова вярнулася ў роднае Сянно і стала працаваць бармэнам у кавярні «Більярдная». Рэвізія, якая прайшла ў красавіку 2010 года, выявіла ў маладога спецыяліста значныя лішкі матэрыяльных каштоўнасцей. Іх апрыходавалі. Праз месяц зноў правялі рэвізію. На гэты раз была ўстаноўлена недастача,якую давялося пакрываць уласнымі сродкамі.

 У абодвух выпадках Марына Гарбачова акты рэвізіі падпісала, тым самым пагадзіўшыся з іх вынікамі. Аднак зараз у яе з’явіліся сур’ёзныя сумненні. Дзяўчына лічыць, што члены рэвізійнай камісіі памыліліся.

 У час правядзення прыёма грамадзян прысутнічала Людміла Турэйка, намеснік старшыні рай­спа­жыў­таварыства. Ёй даручана арганізаваць даку­ментальную рэвізію, якая, магчыма, дапаможа ўстанавіць ісціну.

 Алена Карыба жыве ў Сянно па адрасе: вул. Чырвонага Кастрычніка, дом 24, кв. 19. Зімой адна са сцен кватэры прамярзае. У час размовы са старшынёй райвыканкама жанчына прыняла прапанову правесці ўцяпленне кватэры знутры, наклаўшы на сцяну пенапласт. Пазней сваё рашэнне яна змяніла, бо, магчыма, прычынай узнікшай праблемы з’яўляецца вільгаць, якая на сцяну трапляе з дахавага пакрыцця. Вырашана спачатку правесці экспертызу. І толькі пасля гэтага прымаць рашэнне.

 Усе пытанні, з якімі на прыёме ў старшыні райвыканкама Эдуарда Герасіменкі звярнуліся жыхары райцэнтра і раёна, узяты на кантроль.

 Матэрыял да друку падрыхтаваў

Аляксандр ЛАЗЮК.