Альпийская горка, архитектурные композиции, новое асфальтовое покрытие. В Мошканах активно готовятся к районным «Дожинкам-2017»

 У аграгарадку прайшло пасяджэнне штаба, створанага для падрыхтоўкі населенага пункта да святкавання раённага фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2017”. Кіраўніцтва распараджэннем райвыканкама па падрыхтоўцы аграгарадка ўскладзена на намесніка старшыні Ігара Мядзведзева.

— Падрыхтоўка да “Дажынак” уступіла ў новы этап, — лічыць старшыня Машканскага сельвыканкама Леанід Шаеў. – Складзены пералік работ, графік іх выканання. У час апошняга пасяджэння штаба (ён будзе праводзіцца кожны панядзелак) кіраўнікі арганізацый былі азнаёмлены з заданнямі, выязджалі на месца правядзення работ.

Ухіл зроблены на добраўпарадкаванне населенага пункта, асабліва яго цэнтральнай вуліцы. Клумбы, кветнікі, архітэктурныя кампазіцыі з’явяцца ля Дома культуры і адміністрацыйнага будынка сельгаспрадпрыемства, насупраць школы – альпійская горка. Падновяць асфальтавае пакрыццё вуліцы, фасады ўстаноў, агароджу.

З’явяцца і больш сур’ёзныя аб’екты. У прыватнасці пабудуюць капліцу. Яна будзе ўстаноўлена недзе паміж аўтобусным прыпынкам і каменем Памяці. Будзе абуладкаваны пляж, пост ратаўнікоў, установяць некалькі альтанак, для дзяцей – гульнявую пляцоўку. Прыхарошацца фасады некаторых будынкаў, у прыватнасці, магазінаў. Ужо пачалася высечка кустоў па вуліцах, праводзіцца акультурванне штучных насаджэнняў.

— Работы вядуцца. Але хацелася б, каб да іх актыўней падключалася насельніцтва, жыхары Машканоў. У сувязі з чым, вымушаны нагадаць, што падтрымліваць фасад жылля, агароджу ў належным стане – гэта абавязак уласнікаў, — акцэнтаваў увагу Леанід Шаеў.

Невыкананне патрабавання караецца ў адміністрацыйным парадку. Хаця, думаецца, у Машканах да гэтага не дойдзе. Мясцовыя жыхары заўжды былі вялікімі патрыётамі сваёй малой радзімы. Многае з таго, што зроблена па добраўпарадкаванні населенага пункта, зроблена па іх ініцыятыве, іх рукамі. А значыць ініцыятыва раённых уладаў правесці раённыя “Дажынкі” ў Машканах, каб зрабіць аграгарадок яшчэ больш прывабным знешне, зручным для жыцця, будзе пачута, ацэнена і падтрымана.

Аляксандр ІЎЕЎ.