Бюлетэнь для галасавання — не толькі па пашпарце
Бюлетэнь для галасавання на прэзідэнцкіх выбарах можна будзе атрымаць не толькі па пашпарце. Аб гэтым паведаміла ў час online канферэнцыі на сайце БЕЛТА старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.
Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў плануе на пасяджэнні 30 лістапада прыняць адпаведную пастанову, якая будзе рэгуляваць парадак прад’яўлення дакументаў. Лідзія Ярмошына растлумачыла, што цяпер «гэта права, вызначанае выбарчым заканадаўствам», гэта значыць ЦВК мае права вызначаць іншыя дакументы, якія можна прад’явіць для атрымання бюлетэня.
Але ў любым выпадку гэта будуць дакументы, на якіх ёсць фатаграфія, падкрэсліла Лідзія Ярмошына. Акрамя таго, яны павінны быць выдадзены дзяржаўнымі органамі. «Прад’явіць тое, што куплена ў пераходзе, нельга», — запэўніла старшыня Цэнтрвыбаркама. Прычым выбаршчык абавязкова павінен быць у спісе выбаршчыкаў, дадала яна.