Аисты прилетели. Деревянные фигурки птиц «поселились» на одной из клумб Сенно

Гэта дружная сямейка буслоў, якую вы бачыце на здымку, “пасялілася” на клумбе ля аднаго з пад’ездаў дома нумар 147 па вуліцы Кастрычніцкай райцэнтра.

Да мінулагодняга абласнога свята-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2016”, якое праходзіла ў нашым горадзе, быў адрамантаваны дах, аздоблены знешні выгляд дома, заасфальтавана прыдамавая тэрыторыя.

З прыходам вясны работы па добраўпарадкаванні працягваюцца. Жыльцы самі робяць касметычны рамонт пад’ездаў, на свой густ акультурваюць клумбы.

Жыхар першага пад’езда Валерый Буракоў таксама вырашыў унесці сваю лепту ў агульную справу. Ён выразаў з дрэва кветкі і фігуркі птушак, якія з’яўляюцца сімвалам нашай краіны, пасеяў на клумбе звычайную канюшыну. На думку жыльцоў дома, атрымалася прыгожа. Ды і вялікага догляду гэты “архітэктурны ансамбль” не патрабуе.

Дарэчы, выявы велічных птушак, зробленыя па шаблонах майстра-аматара, упрыгожваюць і некаторыя іншыя двары горада і вясковых населеных пунктаў.

Тэрыторыю ля вышэйзгаданага дома не пакідае без увагі і раённая жыллёва-камунальная гаспадарка. У хуткім часе каля кожнага пад’езда з’явяцца арыгінальныя лавачкі. Будзе адноўлена дваровая дзіцячая пляцоўка.

Тэкст і фота Таццяны БУРАКОВАЙ.