Делегация Сенненского района посетила г. Починок Смоленской области

Дэлегацыя нашага раёна вярнулася з г. Пачынак Смаленскай вобласці. Галоўная мэта паездкі – наладжванне эканамічнага і культурнага супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі. Першы крок зроблены. Старшыня Сенненскага раённага выканаўчага камітэта Васілій Чараднік і кіраўнік муніцыпальнага ўтварэння “Пачынкаўскі раён” Аляксандр Голуб у прысутнасці работнікаў дзяржанай установы падпісалі пагадненне.

 Даведка “ГС”

У г. Пачынак жыве каля 8 тыс. жыхароў, у раёне – каля 30 тыс. Ёсць чыгуначная станцыя. На хутары Загор’е, цяпер Пачынкаўскага раёна, нарадзіўся Аляксандр Твардоўскі, аўтар “Васілія Цёркіна” і іншых вядомых твораў.

Адлегласці паміж Сянном і Пачынкам складае крыху больш за 200 км.

Узаемная цікавасць

У склад дэлегацыі, акрамя кіраўніка раёна, уваходзілі старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Вілюга і намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Галынчык.

— Наш візіт, — расказаў Міхаіл Вілюга, — пачаўся з ускладання кветак да помніка загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Мы пабывалі і мелі гутаркі ў мясцовай адміністрацыі, для нас арганізавалі невялікую экскурсію па горадзе, на радзіму Аляксандра Твардоўскага.

Размясцілі гасцей у гасцініцы, якая ўваходзіць у спартыўна-аздараўленчы комплекс “Юность”. Акрамя некалькі залаў, дзе можна гуляць у футбол, валейбойл, баскетбол, маюцца тэнісныя корты, басейн, лазня, кавярня. Увесь комплекс узведзены на сродкі прыватных інвестараў. На яго базе трэніруюцца некалькі мясцовых спартыўных каманд, акрамя таго, ён адыгрывае важную сацыяльную функцыю ў жыцці горада і рэгіёна.

Члены дэлегацыі пабывалі ў мясцовым праваслаўным храме. Ён адзін з найбуйнейшых у Расіі, што пабудаваны за гады навейшай гісторыі. Як расказаў Міхаіл Вілюга, на тэрыторыі храма вядзецца пахаванне рэшткаў загінуўшых, што кожны год узнімаюцца з зямлі на месцах баёў Вялікай Айчыннай вайны. Тут зноходзяць супакой удзельнікі іншых ваенных канфліктаў, калі ў іх няма блізкіх родзічаў. Прыхаджане, святары даглядаюць за гэтымі магіламі.

— Спартыўныя кантакты, культурны абмен наладзіць прасцей за ўсё, — лічыць мой субяседнік, — бо смаленскія расіяне вельмі блізкія ментальна нам людзі. Мы цікавыя ім.

Вытворчыя аб’екты

Але, безумоўна, найбольшая ўвага сенненцаў была звернута на вытворчыя прадпрыемствы.

У Пачынку працуе швейная фабрыка, дзе занята каля 600 работнікаў. Па сутнасці яна адыгрывае ролю горадаўтваральнага прадпрыемства. Больш таго, на фабрыцы працуюць дзясяткі людзей з бліжэйшых населеных пунктаў. Сярод швачак – жанчыны рознага ўзросту: ад 18 да 70 гадоў. Сярэдні заробак перавышае 600 беларускіх рублёў. Але ў кожнай работніцы ён свой, у залежнасці ад прадукцыйнасці працы, асабістага ўкладу, — падключаецца да размовы Сяргей Галынчык.

Дырэктар прадпрыемства Алена Зайцава правяла сенненскую дэлегацыю па ўсіх васьмі цахах фабрыкі, расказала не толькі пра асаблівасці вытворчасці – прадпрыемства ўваходзіць у аб’яднанне “Тэхнаавія”, што спецыялізуецца на вытворчасці спецадзення, спецабутку, сродкаў хімічнай аховы. Філіялы аб’яднання, як і магазіны працуюць па ўсёй Расіі.

— Нам, нягледзячы на крыху іншыя ўмовы гаспадарання, ёсць чаму павучыцца ў суседзяў: у арганізацыі вытворчасці, у рабоце з персаналам, у рэалізацыі прадукцыі, — падкрэсліў Сяргей Галынчык. Пасля вяртання са Смаленшчыны ён паспеў звазіць у Пачынак дэлегацыю КУПБА “Прэстыж”. Узоры нашай прадукцыі засведчылі не горшы ўзровень вытворчай базы прадпрыемства, высокі ўзровень кваліфікацыі работнікаў.

Попыт на спецадзенне ў Расіі ёсць. У Пачынку пашыраюць вытворчыя магутнасці, узводзяць новы цэх. А гэта аб’ектыўнае сведчанне таго, што на расійскі рынак можна выходзіць, калі не са сваёй прадукцыяй, то з рабочай сілай.

— Нашы прапановы гатовы разглядаць. Праўда, з адной умовай – трэба павялічваць колькасць працуючых, — кажа Сяргей Галынчык.

Прадпрыемства жалезабетонных вырабаў не параўнаць са швейнай фабрыкай. На ім працуюць усяго каля 20 рабочых. Аднак бардзюры, дарожныя пліты, фундаментныя блокі, іншая прадукцыя, што вырабляецца, не залежваецца на складах. Укладанні інвестараў акупіліся хутка нават у рэканструкцыю старога памяшкання, дзе наладжана вытворчасць.

Вясковыя матывы

Другі дзень знаходжання на Смаленшчыне дэлегацыя сенненцаў прысвяціла знаёмству з работай адміністрацыі Васькаўскага сельскага пасялення, на тэрыторыі якога жывуць каля 900 жыхароў, з вытворчасцю сельгаспрадукцыі, што арганізаваны на яго тэрыторыі.

 Даведка “ГС”

 Сельскае пасяленне ў Расіі адпавядае нашаму сельсавету. У штаце адміністрацыі працуе 9 чалавек.

— Функцыі нашых сельвыканкамаў прыкладна такія ж, як у адміністрацыі сельскіх пасяленняў – сацыяльная сфера, — параўноўвае Міхаіл Вілюга. – Бюджэт фарміруецца на тых жа прынцыпах, што і ў нас. А вось знешні выгляд населеных пунктаў у Беларусі больш прывабны, добраўпарадкаванне праводзіцца на больш высокім узроўні, — лічыць Міхаіл Вілюга, зазначыўшы пры гэтым, што ў вытворчасці беларусам варта вывучаць расійскі вопыт.

Гасцей моцна ўразіла фермерская гаспадарка, дзе займаюцца вырошчваннем буйной рагатай жывёлы мясной пароды. 30 галоў, набытыя некалькі гадоў таму на сродкі інвестара, мясцовы фермер павялічыў да 500. На сельгасугоддзях плошчай 1800 га наладжаны поўны вытворчы цыкл: узнаўленне пагалоўя, утрыманне, нарыхтоўка кармоў. Жывёла,дарэчы, круглы год знаходзіцца пад дахам лёгкіх пабудоў. Зімой, праўда, вада падаецца падагрэтай. У рацыёне – толькі травяныя кармы, якія невялікім калектывам фермерскай гаспадаркі рыхтуюцца самастойна. Летам жывёла выпасаецца на пашы з выкарыстаннем электрапастуха. У фермерскай гаспадарцы ёсць свой забойны цэх з першаснай перапрацоўкай. І хоць пакуль што ён не загружаны на поўную магутнасць (адна жывёліна прыкладна забіваецца адзін раз на тыдзень), а прадукцыя каштуе не танна і разлічана яўна не на масавага пакупніка, вытворчасць развіваецца.

На тэрыторыі Васькаўскага сельскага пасялення перапрацоўваецца і малако. Невялікую вытворчасць на кааператыўнай аснове арганізавалі мясцовыя фермеры, невялікія сельгасарганізацыі. Але сыравіны не хапае і перапрацоўшчыкі зацікаўлены ў пашырэнні сыравіннай базы.  Таму плануецца арганізаваць збор малака ў насельніцтва, стымуляваць вяскоўцаў да павелічэння колькасці дойнага статку ў прысядзібнай гаспадарцы, — удакладніў Міхаіл Вілюга.

У нарошчванні перапрацоўкі на мясцовых невялікіх прадпрыемствах зацікаўлена адміністрацыя сельскіх пасяленняў – гэта дадатковыя крыніцы паступлення сродкаў у бюджэт, новыя рабочыя месцы, нарэшце, сацыяльная стабільнасць. Ды і работа мясцовых органаў улады ў значнай ступені ацэньваецца ўрадам па аб’ёме прыцягнутых у рэгіён інвестыцый.

Сенненцы запрасілі пачынкаўцаў на інвестыцыйны форум, які пройдзе ў Віцебску 11-12 мая. А значыць, кантакты будуць працягвацца. І рана ці позна яны прынясуць плён.

 Аляксандр ІЎЕЎ.