Посевная: на полях ОАО «Студёнка» активно ведутся работы

 Пасяўныя работы ў ААТ “Студзёнка” пачаліся з палеткаў, што знаходзяцца ў раёне вёсак Раманаўка, Канстантова. “Там глебы пясчаныя, хутчэй падсыхаюць”, — тлумачыць галоўны аграном сельгасарганізацыі Андрэй Дзядушка.

Супрацоўнік рэдакцыі разам з ім выпраўляецца да механізатараў, занятых у полі. Іх пакуль што не так і шмат, як хацелася б. Дакладней, справы не ў іх – тэхніка перыядычна выходзіць са строю. Што гэта так, давялося пераканацца вельмі хутка.

Першы прыпынак на нашым маршруце мы зрабілі ля поля, засеянага азімай пшаніцай, дзе працавала “Дзвіна” Анатоля Атрашкевіча. Разам з Аляксандрам Халнеевым ён быў заняты на ўнясенні КАСа.

Угнаенне з Бурбіна сюды дастаўляе Дзмітрый Падалінскі, рыхтуем сумесь і вядзём падкормку. Працуем з калёс, аднак без збояў, — расказаў Анатоль Атрашкевіч.

Толькі мы дабраліся да поля, дзе вялася сяўба зернебабовай сумесі, як нядаўні субяседнік патэлефанаваў – работа спынена, парваўся пас. Патрэбнай мадэлі не аказалася  ў запасе ні ў яго, ні на складзе.

Тэмпы сяўбы ў ААТ “Студзёнка” адпавядаюць сярэдняраённым паказчыкам у многім дзякуючы рабоце Сяргея Пагарэльскага. Ён першым вывеў сваю сеялку Lemkeh і на той момант вёў сяўбу ў адзіночку. У Андрэя Дзядушкі да якасці і тэмпаў сяўбы пытанняў не было.

У гаспадарцы  працуе чацвёра братоў Пагарэльскіх. На такіх, як яны, уся сельскагаспадарчая вытворчасць трымаецца. Іншы раз даводзіцца чуць, што беларуская тэхніка недасканалая, а вось Сяргей на сваім трактары, не паверыце, 12 гадоў працуе – і ні адной сур’ёзнай паломкі. Нават рухавік на машыне стаіць заводскі, — адрэкамендаваў галоўны аграном Сяргея Пагарэльскага.

— Не, пасля некалькіх першых месяцаў эксплуатацыі рухавік давялося перабіраць. Зрабіў гэта ўласнымі рукамі, затое з таго часу – ніякіх праблем, — удакладніў механізатар, дадаўшы пры гэтым. – Каб тэхніка працавала, яе трэба эксплуатаваць у адпаведнасці з тэхнічным рэгламентам.

Яшчэ адна сустрэча адбылася на суседнім полі, дзе перадпасяўную апрацоўку глебы вёў Дзмітрый Мастыка. Яшчэ даволі малады механізатар, ён, тым не менш, можа выканаць любы агратэхнічны прыём.

На гэтым наша падарожжа па палетках ААТ “Студзёнка” давялося перапыніць. Андрэй Дзядушка паспяшаўся на пошукі паса. І не толькі ён. Калектыўныя намаганні ў рэшце рэшт далі плён. Але гэты факт наводзіць на развагі пэўнага кшталту. Хочацца спадзявацца не толькі журналіста.

Наш кар.

Фота Аляксандр ЛАЗЮКА.