Работа мечты — уборшица. Какие профессии пользовались популярностью у сенненцев на ярмарке вакансий

Некалькі дзясяткаў суіскальнікаў і 14 наймальнікаў сустрэліся ў аддзеле занятасці, дзе ў мінулы чацвер адбыўся першы ў гэтым годзе “Кірмаш вакансій”.

На мерапрыемстве прысутнічалі спецыялісты па кадрах прадпрыемстваў і арганізацый раёна. На працу да сябе запрашалі сельгаспрадпрыемствы, РУП ЖКГ, ДЛГУ “Багушэўскі лясгас”, ААТ “Аршанскі малочны камбінат”, райспажыўтаварыства, аддзел адукацыі, спорту і турызму, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. У час сустрэчы, калі ўзнікала ўзаемная цікавасць, наймальнікі і суіскальнікі абмяркоўвалі юрыдычныя аспекты прыёму на працу, дамаўляліся аб сумоўі.

Кансультавалі беспрацоўных сенненцаў спецыялісты аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама. Яны падрабязна распавядалі аб выдзяленні субсідый для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, перанавучанні па спецыяльнасцях, удзеле ў аплочваемых грамадскіх работах, іншых варыянтах садзейнічання ў працаўладкаванні.

— На цяперашні момант на ўліку знаходзіцца 109 беспрацоўных, — распавядае начальнік аддзела занятасцi ўпраўлення па працы, занятасці i сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Грамузава, — З пачатку года 76 чалавек працаўладкаваны. Яшчэ пяць беспрацоўных пагадзіліся прайсці перанавучанне па спецыяльнасцях “трактарыст”, “зваршчык”, “прадавец”.

Колькасць вакансій ў раёне складае каля 150. Палова з іх носіць сезонны характар: прадпрыемствы сельскай, лясной гаспадарак, ЖКГ маюць патрэбу ў пастухах, лесаводах, паляводах, работніках на добраўпарадкаванні і інш.

Попыт сёння існуе і на рабочыя кадры з канкрэтнай кваліфікацыяй: вальшчыкаў лесу, прадаўцоў, кухараў, вадзіцеляў. У многіх наведвальнікаў “Кірмашу”, ёсць адпаведная адукацыя, але яны чамусьці не выказваюць жаданне працаваць згодна са спецыяльнасцю, пазначанай у дыпломе. У шэрагу грамадзян за плячыма ўвогуле толькі школа. Адной такой маладой дзяўчыне працадаўцы і супрацоўнікі аддзела занятасці ў адзін голас прапаноўвалі прайсці перанавучанне, але тая ні ў якую не згаджалася, маўляў, на вучобу грошай няма. Між тым атрымаць прафесію можна бясплатна: навучанне, пражыванне ў інтэрнаце аплочвае аддзел занятасці, акрамя таго, навучэнец атрымлівае стыпендыю.

Увогуле, як засведчыў першы “Кірмаш вакансій”, самая запатрабаваная прафесія ў нашых землякоў — прыбіральшчыца і вартаўнік. Гэтага не ўтойваюць і самі супрацоўнікі аддзела занятасці. Вялікага жадання працаваць не ўбачылі і патэнцыйныя працадаўцы. Многія з тых, хто завітаў у той дзень, маюць сумніўную рэпутацыю.

А вось сапраўдныя спецыялісты застаюцца ў дэфіцыце. Так, не знайшлося ахвотных заняць пасады бухгалтара, настаўніка замежнай мовы, хармайстра, наладчыка піяніна, і нават намесніка кіраўніка сельгаспрадпрыемства.Куды ахвотней запісваліся на сезонныя работы: пасадку лесу, збор камянёў і інш.

У цэлым рэальнае працаўладкаванне ў той дзень было прапанавана 28 суіскальнікам. Некалькі чалавек зацікавіліся магчымасцю праходжання прафесійнага навучання па накіраванні органаў па працы, занятасцi i сацыяльнай абароны.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.