С небом на «ты». Свое 130-летие отмечает метеостанция г. Сенно

 

Вытокі

Першыя метэаралагічныя назіранні на тэрыторыі раёна пачалі весціся ў 1887 годзе, і працягваліся яны да 1906 года. Зноў станцыя аднавіла работу толькі ў красавіку 1936 года і працавала да пачатку вайны. Пасля вызвалення райцэнтра ад немцаў і па сённяшні дзень Сенненская метэаралагічная станцыя працуе бесперапынна.

Хто займаўся метэаралагічнымі назіраннямі, якія выкарыстоўвалі спосабы, прылады ў даваенны перыяд, невядома. Пасля вайны і да 1977 года раённай службай назірання за надвор’ем кіраваў Мікалай Міхальцоў. Пасля яе ўзначаліла Вера Карась. З 2000 года па цяперашні час начальнікам метэастанцыі з’яўляецца Алена Барадзіна.

Сучаснасць

— Адной з нашых галоўных задач з’яўляецца назіранне за бягучым надвор’ем, — расказвае галоўны метэаролаг Сенненшчыны. — Яно вядзецца кругласутачна, паказанні фіксуюцца кожныя тры гадзіны. На працягу сутак існуюць некалькі перыядаў, калі метэаролаг праводзіць назіранні па многіх параметрах: тэмпература паверхні зямлі і паветра, вільготнасць, ціск, вецер. Вядзецца назіранне за з’яўленнем расы або інею, галалёду. Дождж, навальніца, град, снег, пачатак і заканчэнне ўсіх гэтых з’яў, іх інтэнсіўнасць — усё гэта максімальна дакладна рэгіструецца і заносіцца ў справаздачу. Назіранні мы праводзім не толькі на тэрыторыі станцыі, выязджаем у поле і там сочым за ростам і развіццём сельскагаспадарчых раслін, праводзім неабходныя вымярэнні. Уся інфармацыя затым накіроўваецца ў Рэспубліканскі гідраметэаралагічны цэнтр, дзе яна апрацоўваецца і на аснове агульнай інфармацыі па рэгіёне ствараюцца прагнозы надвор’я. У сваю чаргу, мы рэгулярна іх атрымліваем і, у выніку неабходнасці, аператыўна накіроўваем інфармацыю ў экстранныя службы і іншыя зацікаўленыя арганізацыі, каб усе неабходныя меры былі прыняты своечасова.

Сучасная метэастанцыя г.Сянно аснашчана камп’ютарнай тэхнікай. З’явіліся і новыя прыборы для назірання за воблачнасцю, далёкасцю бачнасці, празрыстасці атмасферы, ветру. У мінулым годзе ўстаноўлена аўтаматычная інфармацыйная вымяральная сістэма MAWS, якая прызначана для аўтаматызаваных назіранняў за ўсімі метэаэлементамі, бесперапыннага збору і апрацоўкі метэаданных, фарміравання і перадачы метэаралагічных зводак.

На днях з работай станцыі змаглі пазнаёміцца ветэраны метэаралагічнай службы. Былыя работнікі з цікавасцю аглядалі сучасныя метэаралагічныя прыборы падчас экскурсіі, якую для іх арганізавалі супрацоўнікі станцыі. Сустрэча пакаленняў адбылася з нагоды прафесійнага свята — Дня работнікаў гідраметэаралагічнай службы, — што адзначаецца штогод у сакавіку.

Ларыса МУКАМОЛАВА.

На здымку: падчас сустрэчы з ветэранамі.

 ДАВЕДКА. Аднымі з першых рэгулярныя метэаралагічныя назіранні на тэрыторыі ва ўсіх 11 паветах Віцебскай губерні ў пачатку 19 стагоддзя па заданні МУС і Віцебскай урачэбнай управы вялі павятовыя штаб-лекары. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захаваліся “Гадавыя медыцынскія ведамасці” за 1812-1828 гады, дзе змяшчаліся допісы, у якіх лекары апісвалі кліматычныя асаблівасці сезонаў і года ў цэлым. Назіранні вяліся з дапамогай тэрмометраў і барометраў. У канцы кожнага года назіральнікі высылалі ў Віцебск кліматычныя апісанні паветаў, якія называліся “Тапаграфічныя заўвагі”.