12 дневных лагерей для школьников действуют в Сенно и районе

 З учарашняга дня ў школьнікаў пачаліся вясеннія вакацыі.

На працягу ўсяго канікулярнага тыдня на базе школ адкрыты 12 дзённых аздараўленчых лагераў, якія прымуць 271 дзіця.

Шмат цікавых мерапрыемстваў рыхтуюць для школьнікаў бібліятэчныя ўстановы раёна. Сёння, у прыватнасці, на лялечны спектакль іх запросіць дзіцячая раённая бібліятэка, а 31 сакавіка там жа пройдзе дзіцячая пазнавальна-забаўляльная праграма. Наведвальнікі Багушэўскай гарпасялковай бібліятэкі адправяцца ў літаратурнае падарожжа па казкам Карнея Чукоўскага, 135-годдзе якога адзначаецца сёлета. Юных мастакоў чакаюць у Ходцаўскай бібліятэчнай установе, дзе адбудзецца конкурс малюнкаў. З нагоды Міжнароднага дня птушак у Машканскай бібліятэцы можна будзе згуляць у “Экалагічнае лато”. Гэта толькі малы пералік з запланаванага. Акрамя таго, па ўсім раёне зараз праходзіць Тыдзень дзіцяча-юнацкай кнігі, актыўнымі ўдзельнікамі якога таксама будуць дзеці.

Сюрпрызы чакаюць юных сенненцаў і ад раённага Дома рамёстваў. Учора яго супрацоўнікі пабывалі ў гасцях у выхаванцаў Сенненскай школы-інтэрната, дзе далі прадстаўленне народнага тэатра “Батлейка” і майстар-класы па розных відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. А сёння гасцямі майстроў стануць вучні СШ №2 г.Сянно. Не застануцца без увагі і вясковыя школьнікі: 29 сакавіка ў Студзёнцы, 30 — у Полымі, а 31-га чысла ў Нямойце на базе мясцовых клубаў пройдуць выязныя сустрэчы, падчас якіх дзеці пазнаёмяцца з работай установы культуры і паспрабуюць сябе ў народных рамёствах.

А цэнтр творчасці дзяцей і моладзі па традыцыі арганізуе ў Сянн і аграгарадках гульнявыя дваровыя пляцоўкі.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.