Всем двором. Как наводят порядок в Коковчинском сельском Совете

  Пытанні добраўпарадкавання — адны з першачарговых ў Какоўчынскім сельскім Савеце. Летась у гэтым кірунку было зроблена нямала. Парадак на зямлі ў населеных пунктах наводзілі не толькі прадстаўнікі сельвыканкама, шэфскіх арганізацый і працоўных калектываў, але і жыхары населеных пунктаў.

Асобны клопат мясцовай улады — грамадзянскія могілкі. На сённяшні дзень іх у сельсавеце налічваецца 32. У 2016 годзе ўборка праведзена на пагостах Какоўчына і Літусава, вёсак Івашкава, Даганаўка, Грузды, Бортнікі. У тым ліку на трох зведзены аварыйныя дрэвы. Вялікая праца па добраўпарадкаванні праведзена на могілках в. Міцюкова.

  — Нам удалося арганізаваць людзей на суботнікі па навядзенні парадку не толькі на пахаваннях сваякоў, але і на ўсёй тэрыторыі могілак. Па ініцыятыве мясцовай жыхаркі Надзеі Русачэнка былі сабраны грошы на аплату альпіністам за звод аварыйных дрэў, — расказвае старшыня сельсавета Віктар Мандрык.

Прыклад міцюкоўцаў аказаўся заразлівым: у сельвыканкам па дапамогу ў арганізацыі суботніка на могілках звярнуліся жыхары в.Вялікае Сяло. Таму сёлета мясцовыя ўлады плануюць працягнуць практыку прыцягнення грамадзян да ўдзелу ў добраўпарадкаванні.

Істотную падртымку аказваюць мясцовыя арганізацыі. У прыватнасці, сіламі Багушэўскага спіртзавода вывезена смецце, высечаны хмызняк, спілаваны аварыйныя дрэвы на могілках у Забараўі. Адказна ставяцца да справы навядзення парадку на могілках у Літусава і Бортнікі ААТ «Літусава». Чаго, на жаль, нельга сказаць пра Багушэўскае лясніцтва і ААТ «Бяленева».

Свой унёсак у добраўпарадкаванне населеных пунктаў сельсавета робяць шэфы. На сённяшні дзень за Бяленева, Някрашава, Забараўе замацаваны 4 прадпрыемствы Першамайскага раёна г. Віцебска. У 2016-ым да ААТ «Лотас», ДП «Гарсвятло”, ТАА СМП “Віцебскэнергадзяржбуд” дадаўся Віцебскі алейнаэкстракцыйны завод

— Але рэальна, — кажа Віктар Мандрык, — дапамогу нам аказвае толькі «Лотас», кіраўніцтва якога адгукаецца літаральна па першым званку. Летась супрацоўнікі “Лотаса» займаліся абкошваннем пустазелля і выразкай кустоўя. Акрамя таго, таварыства выступае як спонсар. Улічваючы, што профіль прадпрыемства — аказанне паслуг хімчысткі і пральні — не прадугледжвае наяўнасці тэхнікі для работ па добраўпарадкаванні, ААТ закупіла для сельвыканкама бензакасу і бензапілу.

Неабходна працаваць над вырашэннем праблемы забруджвання бытавым смеццем. Толькі за мінулы год ліквідавана 5 несанкцыянаваных звалак. Іх магло не быць, калі б мясцовыя гаспадаркі выконвалі графікі збору і вывазу адходаў у малых населеных пунктах, упэўнены кіраўнік сельсавета. З іншага боку насельніцтва не спяшаецца заключаць дагаворы на вываз і ўтылізацыю уласных адходаў і адпаведна аплачваць гэтыя паслугі. Так, не заключаны дагаворы з насельніцтвам Літусава, Ледневічаў. Вострым застаецца пытанне па аплаце ў Бяленева.

Значная работа ў 2016 годзе праведзена па рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №100 «Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці закінутых і старых дамоў у сельскай мясцовасці». Летась пры плане 4 дома ДРБУ-146 і УП ЖКГ знесены 8 старых будынкаў. Усяго па выніках інвентарызацыі, што праводзілася ў студзені 2015 года, выяўлена 139 закінутых і 76 старых хат. З таго часу знесена больш за 20 дамоў.

Чысціня і парадак на вуліцах населеных пунктаў павінны стаць клопатам не толькі ўлады, але і кожнага жыхара сельсавета. Большай актыўнасці ў справе добраўпарадкавання ў сельвыканкаме чакаюць і ад мясцовых арганізацый і прадпрыемстваў, дэпутатаў, старэйшын. У якасці прыкладу працы і неабыякавага стаўлення да выканання сваіх дэпутацкіх паўнамоцтваў кіраўнік сельвыканкама прывёў Віктара Грачыху, выконваючага абавязкі дырэктара структурнага падраздзялення «Багушэўскі спіртзавод» ААТ «Віцебскі лікёра-гарэлачны завод» Прыдзвінне «.

— Віктар Васільевіч шмат увагі надае пытанням добраўпарадкавання Янова. Пры яго ўдзеле ў аграгарадку знесены 6 старых дамоў, вядуцца маштабныя работы (без прыцягнення бюджэтных сродкаў) па ўладкаванні штучнага вадаёма з прылеглай да яго тэрыторыі па вуліцы Багушэўскай.

Спадзяюся, што рады такіх нераўнадушных людзей будуць пашырацца. Бо толькі сумеснымі намаганнямі можна палепшыць аблічча нашых вёсак і мястэчак, — лічыць Віктар Мандрык.

Падрыхтавала Вольга БАНДАРЭВІЧ.