Председатель Сенненского райисполкома Василий Чередник недоволен работой РУП ЖКХ

 

 Старшыня райвыканкама Васілій Чараднік зноў выказаў сур’ёзныя прэтэнзіі да работы РУП ЖКГ.

На яго думку, райцэнтр і іншыя населеныя пункты як належыць не прыбіраюцца. Гразь, пясок – на праезнай частцы і тратуарах вуліц, вакол пляцовак па зборы бытавых адыходаў – смецце, кантэйнеры – перапоўненыя. Не становіцца больш на складах мясцовых відаў паліва. У сувязі з гэтым намесніку старшыні райвыканкама Ігару Мядзведзеву і начальніку аддзела ЖКГ Наталлі Сапрыка дадзена даручэнне “больш шчыльна” заняцца праблемамі  арганізацыі працы на прадпрыемстве. Менавіта з гэтым звязаны недапрацоўкі ў камунальнай сферы раёна.

У час аператыўнай нарады абмяркоўваліся магчымыя змяненні ў рабоце педагагічных калектываў школ, пазашкольных устаноў у сувязі з набліжэннем вясновых школьных канікул. Як лічыць Зоя Фаміна, ёсць неабходнасць дапрацаваць усю сістэму работы з дзецьмі ў летні перыяд з тым, каб школьнікі знаходзіліся пад пастаянным кантролем дарослых, былі заняты грамадска-карыснымі справамі.

На парадак дня выходзяць іншыя, не менш важныя праблемы. У прыватнасці, Васілій Чараднік выказаў занепакоенасць у сувязі з ростам пажараў у раёне і ахвяр на іх. І хоць супрацоўнікі РАНС упэўнены, што большасць надзвычайных здарэнняў немагчыма было папярэдзіць, калі размова пра жыццё людзей, трэба рабіць нават немагчымае, каб папярэдзіць бяду.

Наш кар.