Юных исследователей Сенненщины соберет научно-практическая конференция «Эврика»
Штогод у раёне праходзіць навукова-практычная канферэнцыя вучняў “Эўрыка”, заснавальнікам і арганізатарам якой з’яўляецца аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Сёлета канферэнцыя адбудзецца ў дванаццаты раз.
На гэтым адукацыйным мерапрыемстве абагульняецца дзейнасць вучняў 2-11 класаў, якія на працягу навучальнага года займаюцца доследамі, больш шырока і глыбока знаёмяцца з сучаснымі навуковымі дасягненнямі. Рыхтуючыся да прадстаўлення сваіх работ, вучні спасцігаюць азы тэхнікі прэзентацыі ўласных праектаў.
Канферэнцыя стварае асяродак навуковых зносін, у якім адбываецца абмен вопытам, садзейнічае самарэалізацыі вучняў у навуковай сферы. Такім чынам выяўляюцца школьнікі са схільнасцю да дзейнасці ў той ці іншай галіне, якім педагогі могуць падамагчы ва ўсвядомленым выбары прафесіі. Акрамя таго, штогадовае правядзенне канферэнцыі садзейнічае развіццю і каардынацыі дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах ва ўстановах агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі.
“Навукова-практычная канферэнцыя вучняў “Эўрыка” праходзіць паэтапна. Да 1 сакавіка завяршаецца першы (школьны) этап. Потым яго пераможцы прадстаўляюць свае работы на раённы. Прымаюцца як індывідуальныя, так і створаныя аўтарскімі калектывамі. Удзельнічаюць у мерапрыемстве і кіраўнікі работ, і іншыя педагогі ўстаноў адукацыі.
У бягучым навучальным годзе пленарнае пасяджэнне раённай канферэнцыі адбудзецца 18 сакавіка на базе СШ №2 г.Сянно. “Навуковыя спаборніцтвы” ўдзельнікаў “Эўрыкі” пройдуць у вочнай форме ў некалькіх секцыях. Прадстаўленне работ юныя даследчыкі могуць суправаджаць мультымедыйным паказам.
“Трэці этап – абласны. Работы-пераможцы, адзначаныя на раённым этапе дыпломамі першай ступені, накіроўваюцца ў экспертны савет аргкамітэта абласной канферэнцыі”, — расказала начальнік аддзела адукацыі спорту і турызму райвыканкама Алена Вілюгіна.
Таццяна БУРАКОВА.