Дзяжурны рэпарцёр

Грэйдэр у дэфіцыце, дарогі ў ямках

 Аляксандр Чыжэўскі звярнуўся ў рэдакыю пасля таго, як у дыспетчарскай РУП ЖКГ яму катэгарычна заявілі, што праезная частка вуліцы ў пасёлку Льнозаводскі, пад’язная дарога да яго грэйдзіравацца не будуць. Маўляў, яны не стаяць на балансе прадпрыемства камунальнай гаспадаркі.

 Дзяжурны рэпарцёр спачатку  пачуў амаль такі ж адказ. Толькі пасля кантактаў з адказнымі асобамі больш высокага ўзроўню насілу ўдалося высветліць — названыя аб’екты ўсё ж уваходзяць у зону адказнасці камунальнікаў. Іншая справа, не маючы тэхнічных магчымасцей, каб весці догляд дарог з пясчана-гравійным пакрыццём,  РУП ЖКГ звяртаецца па дапамогу да дарожнікаў.

  — У ДРБУ-146 у рабочым стане толькі адзін грэйдэр. Таму нас папярэдзілі, што заяўкі  будуць выкананы не так хутка, як хацелася б,  — патлумачыў Мікалай Жукоўскі, галоўны інжынер Сенненскага РУП ЖКГ.

 Да канца месяца

 Па вуліцы Сінькевіча райцэнтра яшчэ вясной сувязісты  замянілі паветраную лінію на  падземны кабель, чым спадзя­валіся палепшыць якасць сваіх паслуг. Мелі свае спадзяванні некаторыя жыхары вуліцы, у прыватнасці, Іван Шураеў, які мае дагавор з Сенненскім вузлом электрасувязі на ўстаноўку хатняга тэлефона.

 — Згодна з дакументам заплаціў грошы, спадзеючыся падключыць тэлефонны апарат да лініі яшчэ летам. Аднак мае спадзяванні не спраўдзіліся. Сувязісты, колькі да іх не звяртаўся, тлумачылі, што ў іх работы цераз край.  Трываў, пакуль  аднойчы не глянуў на каляндар — дык ужо восень канчаецца, — бедаваў Іван Дзянісавіч.

 Кіраўнік Сенненскага РВЭС Сяргей Касьянаў прызнаўся — вінаватыя. Па яго словах,  шмат часу займае ліквідацыя парываў на лініях электрасувязі, якія  здараюцца штодня, а таму планава работу па расшырэнні  абанентскай сеткі  весці не ўдаецца.

  — Але мы выправімся. Тэлефоны не падключаюцца да лініі, бо  старая частка кабелю па вуліцы Сінькевіча патрабуе рамонту. Зробім і да канца месяца падключым усіх абанентаў, — паабяцаў кіраўнік прадпрыемства.

 Для каго лазня ёсць, для каго няма

 Другі раз за лістапад у рэдакцыю звяртаецца Арнольд Зайцаў, які жыве ў Маргойцах Беліцкага сельсавета. Ён лічыць, што  Беліцы патрэбна грамадская лазня.

 — Як гэта так, каб на ўсю ваколіцу не было ні адной грамадскай лазні? — не сунімаецца ён. А таму звярнуўся на гэты раз і да нас, і  ў рэдакцыю “Віцебскага рабочага”.

 — А навошта грамадская, калі ёсць уласная, — дзівяцца тыя вяскоўцы, якія маюць лазню на ўласным падворку. У Беліцкім сельскім Савеце зноў спасылаюцца на сацыяльныя стандарты. Згодна з імі  лазняў ва ўсіх населеных пунктах сельсавета хапае. Яшчэ адным аргументам не на карысць будаўніцтва грамадскай лазні з’яўляецца эканамічная немэтазгоднасць яе эксплуатацыі. Ды і сродкаў на гэтыя мэты ні ў выканкаме  мясцовага Савета дэпутатаў, ні ў КУСГП “Полымя” няма.

 “Правядзём сходы, тады прымем рашэнне”

 З Янова да нас звярнулася жанчына, якая сваё прозвішча называць не захацела. Яе цікавіла, ці будзе закрывацца вясковы малакапрыёмны пункт?

 Як удалося нам высветліць, малакапрыёмнага пункта ў Янове ніколі не было. Няма яго і цяпер. Ёсць лабараторыя на  МТФ СВК “Бяленева”, куды  звозіцца малако з іншых ферм сельгаскааператыва, дастаўляюць сабраную ў насельніцтва прадукцыю малаказборшчыкі. Частка яноўцаў нясе туды ўласнае малако самастойна, каб мець дакладную інфармацыю пра яго якасць. У гэтым сэнсе ніякіх змен не чакаецца.

 Магчымы, праўда, іншыя. Але адбудуцца яны пасля таго, як у вёсцы  пройдзе сход з малаказдатчыкамі і на ім  на змены будзе атрымана згода. Справа ў тым, што ў суседніх вёсках, Какоўчыне, Літусаве, зборам малака займаецца індывідуальны прадпрымальнік. Па інфармацыі, атрыманай ад старшыні Какоўчынскага сельскага Савета дэпутатаў Уладзіміра  Мурашкі, жыхары названых вёсак  работай прыватнай асобы задаволены. Ніякіх збояў у рабоце прадпрымальніка за апошні час  не было, прэтэнзій да вызначэння тлустасці, іншых якасных параметраў таксама. Чаго не скажаш пра работу малаказборшчыкаў СВК “Бяленева”. У нядзелю малако часта не збіраецца зусім. У іншыя дні колькасць яго прыкметна вагаецца.

 Як заўважыў старшыня райсавета Міхаіл Вілюга, для СВК “Бяленева” збор малака  — толькі адзін з відаў дзейнасці, для прадпрымальніка  — асноўны спосаб атрымання даходаў.

Аляксандр Лазюк.

 Тэлефануйце 4-88-54. Вас выслухае Таццяна Віктараўна Буракова.