Работу Сенненского РУП ЖКХ обсудили во время проведения «горячей линии»

       За час правядзення “гарачай лініі” ініцыянаванай, нагадаем, старшынёй райвыканкама Васіліем Чарадніком, па пытаннях работы Сенненскага РУП ЖКГ зарэгістравана 11 зваротаў. Аднак куды большую трывогу ва ўлады выклікаў вывад. Іх тэматыка сведчыць аб няправільна пабудаванай рабоце дыспетчарскай службы з насельніцтвам, аслабленні кантролю з боку кіраўніцтва прадпрыемства за работай сваіх адказных работнікаў.

Для пацверджання гэтага тэзісу спашлёмся на некаторыя прыклады. Жыхар Сянна Аляксандр Салаўёў, які жыве па вуліцы Сінкевіча, у дыспетчарскую РУП ЖКГ у сувязі з тым, што па вуліцы не гараць ліхтары вулічнага асвятлення, звяртаўся некалькі разоў: 30 снежня 2016 года, 20 студзеня, 6, 8, 10 лютага бягучага года. На ўсіх яго заяўках маюцца адзнакі галоўнага энергетыка прадпрыемствам А. Хізаўца – няма лямпачак. Да гонару заяўніка ён усё ж дабіўся свайго, бо лямпачкі невытлумачальным чынам з’явіліся на складзе. Хаця не. Ніякага цуда ў гэтым няма. А. Салаўёў пасля апошняга тэлефанавання ў дыспетчарскую службу РУП ЖКГ у той жа дзень патэлефанаваў у райвыканкам. І лямпачкі знайшліся. Міжволі хочацца спытаць, за што атрымоўвае грошы той энергетык, калі ён не ведае, што ў яго ёсць на складзе? Ці трэба такі работнік прадпрыемству?

Не сакрэт, у райцэнтры актыўна абмяркоўваецца тэма аптымізацыі штату работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Прычына прымянення непапулярнай у грамадстве меры ў недахопе фінансавых сродкаў. Але пасля фактаў, якія маюцца ў распараджэнні райвыканкама і рэдакцыі міжволі хочацца сказаць крыху інакш – пра няўменне імі разумна карыстацца.

Ю. Аляксеенка таксама жыве ў райцэнтры, у кватэры 7 дома №6 па вул. Назаранкі. 2 лютага ён звярнуўся ў дыспетчарскую прадпрыемства ЖКГ са скаргай на вельмі высокую тэмпературу паветра ў кватэры. Зварот прынялі, зарэгістравалі. Але меры рэагавання не прынялі, што прымусіла Ю. Аляксеенка звярнуцца з пісьмовай заявай у райвыканкам. Спецыяльная камісія пабывала не толькі ў кватэры заяўніка, наведаліся ў жыллё іншых жыхароў дома. І ва ўсіх кватэрах была зафіксавана тэмпература ад +25 да +270 С. Чаму турбуюцца жыхары дома зразумець не цяжка. Знаходзіцца ў кватэры пры такой высокай тэмпературы паветра як мінімум не камфортна. Да таго ж за дыскамфорт даводзіцца яшчэ і плаціць дадаткова. Але чаму праігнаравалі зварот у РУП ЖКГ? Дзе яго інтарэс тут? Цяжка сказаць. Тым больш, што гаворка пра іншае – сістэма, створаная для рэагавання на звароты насельніцтва, зноў не спрацавала.

Найбольш зваротаў на “гарачую лінію” паступіла ў сувязі з неналежным утрыманнем тратуараў. І гэта зімой, у якую больш-менш вялікі снег выпадаў усяго адзін раз. Ды што там гаварыць пра расчыстку. Тратуары своечасова не пасыпаліся супрацьгалалёднымі рэагентамі. Ці вось яшчэ сітуацыя. Значная частка тэлефанаванняў датычылася няякаснай, нерэгулярнай уборкі ў пад’ездах. Хто ў гэтым вітаваты? Зноў надвор’е? Праблема, відаць, у адсутнасці хоць якога кантролю з боку службовых асоб за работай дворнікаў, рабочых, якія прыбіраюць у пад’ездах. У сувязі з гэтым нагадаем, ёсць альтэрнатыўны спосаб уздзеяння на недобрасумленных работнікаў. У пад’езах могуць прыбіраць самі жыхары дамоў. Такім спосабам можна забіць двух зайцоў: паставіць на месца работніка і выключыць звароты на людзей у сувязі з няякаснай уборкай.

Безумоўна, камунальнікам даводзіцца працаваць у даволі няпростых умовах, якія вызначаюцца дыфіцытам фінансаў і ўзрастаючым узроўнем патрабаванняў да якасці паслуг. Нават калі ўявіць сабе, што насельніцтва будзе аплочваць у поўным аб’ёме паслугі, грошай ад гэтага больш не стане, бо дзяржаўныя датацыі тут жа спыняцца. Адсюль вывад – трэба змяншаць выдаткі на паслугі. Якім чынам, гэта ўжо іншая тэма, якая, дарэчы, шырока абмяркоўваецца ў грамадстве і ўладных структурах.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.