А з паперкай — чалавек

  — Пабудаваў лазню, — расказваў у тэлефонную трубку сітуацыю  дзяжурнаму рэпарцёру грамадзянін М. з Какоўчынскага сельсавета. — Ёсць знаёмы чалавек, які кумекае ў электрычнасці. Быццам дамовіліся аб падключэнні. А сусед праз дарогу палохае: калі не хочаш мець непрыемнасцей, не рабі гэтага. Звярніся лепш у спецыялізаваную арганізацыю. Патэлефанаваў. «За вашы грошы — любы капрыз», — пачуў у адказ. А калі суму назвалі, мурашкі па целе забегалі…  Я ж пенсіянер. Такса знаёмага ўмельца ў разы таннейшая. Як быць?

 Акрамя таго, што сусед правы, свайму субяседніку адказаць нічога не змог, бо па сабе ведаю, што «без бумажки ты букашка, а с бумажкой  — человек». І паабяцаў высветліць праблему суразмоўцы ў кампетэнтнай асобы.

  — Для падключэння жылых дамоў і іншых пабудоў, — кажа начальнік раённай энергаінспекцыі «Энерганагляду» П.І.Камандышка, — у  абавязковым парадку патрабуецца выкананне праектаў. Электрамантажныя работы павінны быць выкананы спецыялізаванай арганізацыяй, якая мае на тое дазвол. На жаль, пры выкананні работ іншы раз дапускаюцца адступленні ад праекта. Падобныя дзеянні, — працягвае Пётр Іванавіч, — абавязкова трэба ўзгадняць з праектнай арганізацыяй.

 Напрыклад, па новых Правілах электраправодка ў жылых дамах павінна быць  выканана кабелем з меднымі жыламі. На ўводзе ад ізалятараў уводу да электралічыльніка — кабелем сячэннем не менш за 16 мм, электралічыльнік — мець клас больш высокай, чым  раней, дакладнасці. А для новых пабудоў электра­лічыльнік павінен быць наогул электронным.

 — А калі ўзгадненне з праектнай арганізацыяй не зроблена?

 — Не дай Божа здарыцца нейкаму няшчаснаму ці страхавому выпадку. Любыя «разборкі»  будуць не на карысць гаспадара.

 — А чаго гэта грамадзянін М. звярнуўся да вас, а не пракунсальтаваўся ў нас? — у сваю чаргу пацікавіўся Пётр Іванавіч Камандышка. І сам пракаменціраваў сітуацыю:

  — У Сенненскім раёне электрычных сетак дзейнічае прынцып прыёму грамадзян па сістэме «адно акно». Толькі сёлета, на пачатак лістапада, паступіла 99 зваротаў грамадзян па пытаннях падключэння жылых дамоў і іншых забудоў да электрасеткі. Выдадзена больш за 50 тэхнічных умоў, выканана 17 праектаў на электразабеспячэнне, звыш 54 электрафізічных вымярэнняў з афармленнем пратаколаў для вызначэння спраўнасці электраправодкі. Работа «аднаго акна» арганізавана такім чынам, каб заяўнік або той, хто звярнуўся ў вуснай форме, мог атрымаць кампетэнтны адказ па пытаннях узаемадзеяння РЭСа, філіялаў «Энергазбыту» і «Энерганагляду» ў  вядучага прыём грамадзян. У «адно акно» звяртаюцца грамадзя­не, жадаючыя падключыць як новыя жылыя дамы, так і тыя, хто быў адключаны па нейкай прычыне ад электрасеткі.

 — Давайце прыгадаем нашым чытачам нумар тэлефона службы «адно акно».

 — Калі ласка! 4-10-51. Паважаныя грамадзяне, па гэтым тэлефоне вас пракансультуюць па ўсіх пытаннях, што тычацца энергазабеспячэння.

 З начальнікам раённай энергаінспекцыі «Энерганагляду» Пятром Камандышкам гутарыў

Міхаіл  Бялоў.