Куды падзелася дзяцінства?
Бадай, 30 гадоў прастаялі ў двары дома №4, што па вуліцы Чырвонага Кастрычніка, гэтыя каруселі (на здымку). Спачатку, новыя і бліскучыя, з вялікім рулём і цэлымі круглымі сядзеннямі, зробленымі з ДСП, яны вабілі і малых, і дзяцей больш старэйшага ўзросту.
Хто, калі і куды знёс руль, невядома. Паабламалі і сядзенні. Замест круглых яны сталі спачатку паўкруглымі, як абгрызеныя, а потым зніклі наогул.
Але ж каруселі не пуставалі. На іх каталіся дзеці. Ад таго, што сядзенні зніклі, паміж металічнымі прыстасаваннямі свабодна рухаліся балты, і падчас малыя вельмі балюча зашчэмлівалі свае ножкі і тое месца, адкуль ножкі растуць. Але ж каталіся. Хоць якія, але ж качэлі. У іншых дварах і такога цуда не было.
Неўзабаве дужыя дзеткі «знеслі» і спінкі. Дзіва, як яшчэ нешта засталося на гэтай «люстры» для таго, каб было куды сесці. Але ж ужо не адзін год гэты «атракцыён» быў небяспечны для дзяцей.
Вельмі здзівілася я пару тыдняў таму. Прыехаўшы да бабулі, мой малы пачаў енчыць, каб яго пусцілі на вуліцу.
«Толькі не падыходзь да каруселі», — папярэдзіла яго.
«Да якой? Няма яе ўжо даўно. Мо, з месяц назад вывезлі», — патлумачыла мне маці. Зірнула ў акно. Сапраўды няма. Як кавалачак дзяцінства скралі. Хто? Куды? І што з імі зробяць? Адрамантуюць ці выкінуць на металалом?
А ў гэтую нядзелю заўважыла, што следам за каруселямі знікла і пясочніца. Яе, кажуць, забралі «на зіму», вясной абяцалі вярнуць. Дзіўныя справы твае, ЖКГ!
Можа, замест абшарпанага старога небяспечнага металу на дзіцячых пляцоўках неўзабаве з’явяцца новыя — яркія, прыгожыя, трывалыя, надзейныя канструкцыі?
Святлана Белавусава.