Па закону жытнёвага коласа

  З кім толькі не параўноўвалі жанчын: з птушкамі, кветкамі, зоркамі. Усе гэтыя азначэнні ўпаўне стасуюцца да Наталлі Віктараўны Гардзецкай. Але першае, пра што думаецца, калі заглядаешся, любуешся гэтай цудоўнай жанчынай, дык гэта тое, якая Наталля Віктараўна тыпічная, як кажуць, стопрацэнтная, беларуска. Статная, светлавалосая прыгажуня, яна здзіўляе праніклівым поглядам шэрых вачэй-азёраў, прыветнай шчырай усмешкай. У лёгкай хадзе, у вопратцы, нават рабочай, падабранай з густам, адчуваюцца ўходжанасць, дасціпнасць. І не адразу  зразумець, што безліч што­дзённых клопатаў, нялёгкай працы ляжыць на гэтых прыгожых пакатых плячах.

 Паўтара дзесятка гадоў працуе Наталля Віктараўна даяркай, апошнія шэсць — на ферме «Масоры» ў РУСП імя Машэрава. Адна з першых не толькі ў сваёй гаспадарцы, але і ў раёне, яна пастаянна дабіваецца высокіх надояў,  літаральна змагаецца за якасць малака. Я назірала, як яна падступіла з цэлым бярэмам пытанняў да лабаранткі, дарэчы, сваёй сястры, Надзеі Віктараўны Гняўко:

 — Ну чаму, чаму Красулька мая замасціціла?

 І жанчыны дэталёва стараюцца разабрацца з узніклымі складанасцямі, гавораць пра няхватку найноўшых ветэрынарных сродкаў, пра неабходнасць строга выконваць усе ўказанні і інструкцыі ветурача, заатэхніка, пра вопыт  жывёлаводаў «Дружбінца» разважаюць.

 Наогул Наталля Віктараўна — чалавек, як кажуць, таварыскі, камунікабельны, яна — бясспрэчны лідэр у калектыве на ферме. І загадчыца фермы Ніна Мікалаеўна Піпчанка да яе слушных меркаванняў прыслухоўваецца, і ўсе астатнія работнікі фермы да яе цягнуцца. Даяркі Марыя  Пятрэнка, Таццяна Кошкур і іншыя жыццёвыя праблемы гатовы з ёй абмеркаваць.

 А дома чацвёра дзяцей становяцца памаленьку на жыццёвую пуцявіну, муж Алег Пятровіч  трактарыстам працуе. Як і належыць дбайнай гаспадыні, надзейна ўтрымлівае Наталля Віктараўна сямейны ачаг.

 Прыкладам для яе заўсёды былі бацькі — Людміла Міхайлаўна і Віктар Макаравіч Казырыцкія. Маці шасцярых дзяцей у свет вывела, усё жыццё даяркай адпрацавала. Не раз, успамінае Наталля, навучала янадачку:

 — Некаторыя жывуць па закону галоднага ваўка:  рвуць ад жыцця для сябе ўсё, што можна. Без літасці, без аглядкі на іншых, з крывёй, з мясам рвуць. Абы сабе! А жыць, дачушка, належыць па закону жытнёвага коласа. З цярпеннем, са стараннем убірае ў сябе колас сокі зямлі, да сонца цягнецца, ветру не скараецца. І ўсё набытае дзеліць з тымі, хто побач.

 Сапраўды, думаецца мне, неабсяжная ніва людская, кожны чалавек нібы сцяблінка  жытнёвая. І ярка, выразна выдзяляецца сярод іх лёс Наталлі Віктараўны Гардзецкай. Як шчыры, нягнуткі каласок імкнецца яна да сонейка, застаецца вернай галоўнаму свайму жыццёваму прынцыпу. І яна — шчаслівы чалавек.

Людміла Працэнка.