Даследчыкі сенненскай зямлі. Навуковая дзейнасць — адзін з важнейшых напрамкаў работы Віцебскай доследнай меліярацыйнай станцыі

 ВДМС СЕННО Заўтра ў Беларусі сваё прафесійнае свята — Дзень беларускай навукі — адзначаюць усе, хто мае дачыненне да навуковай дзейнасці. Мала хто з сенненцаў ведае, што ў нашым раёне на працягу дзясяцігоддзяў таксама вядуцца даследаванні, праводзяцца вопыты. Навуковая дзейнасць — адзін з важнейшых напрамкаў работы Віцебскай доследнай меліярацыйнай станцыі РУП “Інстытут меліярацыі” Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якой летась споўнілася 30 гадоў.

 На Сенненшчыне ВДМС больш вядома як адна з перадавых сельгасарганізацый. Гаспадарка з зайздроснай рэгулярнасцю займае лідзіруючыя месцы ў раённым і абласным спаборніцтвах падчас жніва і касавіцы. А галоўная яе прадукцыя — элітная насенне сельскагаспадарчых раслін — не патрабуе дадатковай рэкламы. Дырэктар ВДМС Валерый Кучко не хавае, дасягнуць высокіх паказчыкаў у сельгасвытворчасці ўдаецца ў многім дзякуючы дзейнасці на базе прадпрыемства навуковага падраздзялення Інстытута меліярацыі.

Сёння яно невялікае і налічвае ўсяго пяць супрацоўнікаў. Пераважная большасць з іх прыйшла на станцыю з моманту яе заснавання. Першапачаткова станцыя мела выключна навуковае прызначэнне, і колькасць даследчыкаў істотна перавышала лічбу 30. А сёння тут працуе ўсяго 5 навуковых супрацоўнікаў, пераважная большасць — з моманту заснавання. Але эканамічныя рэаліі ўзялі верх: калектыў скараціўся, дабавіўся вытворчы профіль. Зараз ВДМС займаецца вырошчваннем і рэалізацыяй элітнага насення парадку 10 відаў траў, а таксама рапсу, зерневых. Стаўка робіцца на культуры інтэнсіўнага развіцця.

На станцыі  не толькі імкнуцца ўкараняюць сучасныя тэхналогіі насенняводства шматгадовых траў і іншых сельскагаспадарчых культур у вытворчы працэс, але і актыўна дзеляцца вопытам з гаспадаркамі раёна: штогод на базе ВДМС ладзяцца навучальныя семінары. Дырэктар ВДМС Валерый Кучко ўпэўнены, узаемадзеянне з навукай павышае эфектыўнасць вытворчасці. У сваёй дзейнасці гаспадарка кіруецца распрацоўкамі Інстытута меліярацыі, якія ў сваю чаргу будуюцца на аснове вопытаў і шматгадовых назіранняў. Менавіта імі і займаюцца супрацоўнікі сектара насенняводства шматгадовых траў і дзвюх лабараторый: эксплуатацыі меліярацыйных сістэм і выкарыстання асушаных мінеральных зямель, дзеючых на базе ВДМС. Збор інфармацыі вядзецца па двух напрамках: агранамічным і меліярацыйным.

E

Інжынер-гідратэхнік па адукацыі Іван Чэмбровіч — адзіны ў падраздзяленні, хто мае пасаду навуковага супрацоўніка. Ураджэнец Ліды патрапіў на Сенненшчыну ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя па размерканні пасля заканчэння Брэсцкага палітэхнічнага інстытута. У сваёй лабараторыі эксплуатацыі меліярацыйных сістэм Іван Іванавіч вывучае пытанні, звязаныя з удасканаленнем метадаў і спосабаў ацэнкі тэхнічнага стану меліярацыйных сістэм, планаваннем і выкананнем эксплуатацыйных работ, рэгуляваннем воднага рэжыму мінеральных глебаў ва ўмовах характэрнага для Віцебшчыны ўзгорыстага рэльефу і інш.

Яго калегі Валянціна Віткоўская, Раіса Казакова, Марына Высоцкая і Зоя Шынкевіч займаюцца пытаннямі пераважна агранамічнага характару, у прыватнасці, даследуюць тэхналогію вырошчвання сельскагаспадарчых культур на меліяраваных глебах і ўплыў апошніх на прадукцыйнасць рознага віду сельгасраслін. Самая актыўная фаза работы — вясна-восень. Усе назіранні вядуцца на доследных палетках, на якіх высяваюцца тыя ці іншыя гатункі сельгасраслін. Так, летась, расказвае Валянціна Віткоўская, вяліся вопыты па вырошчванні мятліка лугавога, двукістачніка. Цяпер на чарзе канюшына гібрыдная “Красавік”.  Пад кантроль бярэцца ўсё: даты ўсходаў, унясення ўгнаенняў і збору ўраджаю, віды падкормак, кожную дэкаду на праверку вільготнасці бяруцца пробы глебы. Многія сельсгасработы супрацоўнікі выконваюць самі, тэхнікай і людзьмі рэгулярна дапамагае ВДМС.

Сабраная інфармацыя накіроўваецца ў Інстытут меліярацыі. Раз у год прадстаўнікі Акадэміі навук прыязджаюць на так званую прыёмку вопытаў, у час якой супрацоўнікі даюць справаздачу па асноўных напрамках сваёй работы. Цікава, што мерапрыемства праходзіць не ў кабінетах, а непасрэдна на доследных участках.

Іван Чэмбровіч і яго калегі сціпла адгукаюцца пра сваю ролю ў навуцы. Аднак менавіта дзейнасць такіх радавых служыцеляў навукі ляжыць у падмурку найноўшых вынаходніцтваў і тэхналогій.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымку: супрацоўнікі навуковых лабараторый З.М. Шынкевіч, В.М. Віткоўская, Р.П. Казакова, І.І. Чэмбровіч.