Адзенне ад “Прэстыжу”

Нядаўна ў Віцебску прайшоў абласны конкурс мадэльераў і дызайнераў, які меў назву «Модны сілуэт». Свае лепшыя работы на ім паказвалі спецыялісты ўсіх прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання насельніцтва нашага рэгіёна.

 Сенненскі раён прадстаўляў Багушэўскі КУПБА «Прэстыж». Калекцыя адзення нашых землякоў  была выканана ў стылі этна. А таму асноўным матэрыялам для работ, аўтарам якіх выступіла  Марыя Балабовка,  галоўны інжынер Багушэўскага прадпрыемства бытавога абслугоўвання, стала льняное палатно.

 Нашы продкі выкарыстоўвалі лён як зыходны матэрыял для пашыву адзення паўсядзённага ўжытку. Ільняное адзенне насілі дзеці. З лёну было адзенне на маладых, якія ішлі  ў царкву пад вянец.

 Больш таго, ільняная тканіна для беларусаў заўжды выступае своеасаблівым абярэгам. Атрыманае з сабранага па жменьцы на Юр’еў дзень лёну палатно называлі намёт. Наміткай, карункамі ўпрыгожвалі іконы. На льняны ручнік ставілі маладых, пасля  хрышчэння на дзіця ўпершыню адзявалі кавалак палатна з дзіркай для галавы. Яно павінна было абараняць немаўля ад хвароб, сурокаў. Вышыты ручнік, хлеб і соль — імі благаслаўлялі  на шчасце, на долю.

 Нарэшце, ільняная тканіна — гэта натуральны прадукт.  Пашытае з яго адзенне практычнае, зручнае ва ўжыванні, вытанчанае і моднае. Без слоў яно сведчыць пра нацыянальную адметнасць і еўрапейскую прыналежнасць.

 Усё гэта багушэўцы  даводзілі , прадстаўляючы на паказ  свае калекцыі: дзіцячае, святочнае адзенне і адзенне для паўсядзённага ўжытку. У спалучэнні  з абуткам, галаўнымі ўборамі, якія таксама вырабляліся  з натуральнага матэрыялу, аздоб­ленае карункамі работы Валянціны Радзевіч, адзенне глядзелася вельмі арганічна.  Усяго на паказ было прадстаўлена 6 жаночых касцюмаў і 2 мужчынскія. Яны выдатна сядзелі на мадэлях, нават пры тым, што ў якасці іх выступілі работнікі прадпрыемства Дзяніс Капранаў, Аляксандр  Суднічэнка, Алена Прыстаўка,  Аксана Тарабарава, Ганна Дзерваед, Таццяна Федарцова, Юля Мельнікава і Таццяна Віхаць, большасць з якіх у паказе адзення ўдзельнічалі ўпершыню.

 Дарэчы, убачыць арыгінальныя касцюмы змаглі і жыхары раёна. Паказ адбыўся ў час злёту маладых спецыялістаў, які не так даўно прайшоў у Багушэўскім Доме культуры (на здымку).

Аляксандр Лазюк.