Валанцёры з Сенненшчыны падзяліліся вопытам

5hoogl1x68wЦукатамі з морквы, флэш-мобам і гумарыстычнымі сцэнкамі здзіўлялі сенненцы ўдзельнікаў праекта «Далучэнне супольнасцяў у прасоўванне здаровага ладу жыцця» Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК), якія на днях сабраліся  ў міжнародным адукацыйным цэнтры ім. Ёханэса Рау (г. Мінск). Абмяняцца вопытам у сталіцу з усіх куткоў Беларусі прыбылі каля 100 чалавек, якія прадстаўлялі 14 ініцыятыўных груп.

Нагадаем, з 2014 года БТЧК пры падтрымцы Швейцарскага Чырвонага Крыжа ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь рэалізуе гэты праект у малых населеных пунктах Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей. Агульная мэта праекта — умацаванне здароўя і змяненне паводзінаў насельніцтва Беларусі ў бок здаровага ладу жыцця. У нашым раёне яе рэалізуюць адразу тры ініцыятыўныя групы. У Сянне — гэта «Вясёлка» на чале са Сняжанай Мяцеліца, створаная пры раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, у Ходцаўскім сельсавеце — «Маладыя душой», якую ўзначальвае старшыня сельвыканкама Вольга Шчарбакова. У Багушэўску пры падтрымцы Тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання прасоўваннем ЗЛЖ займаецца супольнасць «БАКС». Дзейнасць сенненскіх валанцёраў неаднаразова адзначалася каардынатарамі праекта. І на гэты раз Генеральны сакратар БТЧК Вольга Мычко ўручыла грамату за актыўны ўдзел у валанцёрскай дзейнасці, значны асабісты ўклад у развіццё і ўмацаванне патэнцыялу Віцебскай абласной арганізацыі БТЧК лідару «БАКС» Галіне Секачовай.

У вялікай зале Цэнтра супольнасці прэзентавалі сваю працу па здаровым ладзе жыцця. У прыватнасці, удзельнікі ад Сенненшчыны падзяліліся вопытам па прафілактыцы неінфекцыйных захворванняў, правядзенні спартыўных мерапрыемстваў, развіцці веларуху, папулярызацыі сярод насельніцтва скандынаўскай хады і правільнага харчавання. А для прыкладу валанцёры з Ходцаў пачаставалі прысутных натуральнымі і карыснымі прысмакамі ўласнага прыгатавання: смузі, цукатамі з гарбуза і морквы, сухафруктамі, печанымі з мёдам яблыкамі. Праўда, удзельнікам сустрэчы не прыйшлося перажываць з-за (хай і невялікіх) калорый. Усё набранае за дэгустацыю сышло падчас танцавальнага флэш-мобу, што правяла ўдзельніца «Вясёлкі» Вольга Вераценнікава.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.