Крымінальная хроніка Сенненскага раёна
Злодзеі не спяць
У ноч з 14 на 15 лістапада ў пасёлку Дружба і у вёсцы Будзішча невядомыя асобы праніклі ў 8 гаражоў.
Злодзеі дзейнічалі выбіральна. Крадзяжы здзейснены толькі ў трох гаражах, з якіх прапала асабістая маёмасць на агульную суму 1540 рублёў. Хаця, па меркаванні следчага Сенненскага аддзела Следчага камітэта Я. Халецкага, у астатніх, напэўна, таксама можна было знайсці, чым пажывіцца.
І яшчэ адна істотная заўвага. У некаторыя гаражы зладзеі праніклі праз незачыненыя дзверы.
***
«Імем Рэспублікі Беларусь…» Гэтыя словы адзін з жыхароў нашага раёна хутка пачуе ў 12-ты раз.
Асаблівай крымінальнай «спецыялізацыі» мужчына не мае. На гэты раз, напрыклад, у канцы жніўня — пачатку верасня ён здзейсніў тры крадзяжы маёмасці грамадзян. Падчас правядзення папярэдняга следства матэрыяльны ўрон пацярпелым асобам кампенсаваны ў поўным аб’ёме. Пры гэтым следчы Сенненскага аддзела СК К. Абрамовіч заўважае, што ўсе злачынствы былі здзейснены шляхам свабоднага доступу. Іншымі словамі, у гаспадарчыя пабудовы злачынец патрапіў праз незачыненыя дзверы.
Паехаў і знік
Сенненскім РАСК узбуджана некалькі крымінальных спраў па факце знікнення жыхароў раёна.
У вышуку знаходзіцца А.С. Кудраўцаў, жыхар г. Сянно, 1973 года нараджэння. У верасні 2016 года ён пакінуў пастаяннае месца жыхарства і дзе знаходзіцца да гэтага часу невядома.
С.М.Яўпак 11 жніўня бягучага года таксама паехаў у Расію ў пошуках працы. Доўгі час месца яго знаходжання таксама было невядома. Але на днях следчым раённага аддзела Следчага камітэта Таццянай Аўсянка месцазнаходжання С.М. Яўпака ўстаноўлена.
Праваахоўнікі адзначаюць, што, ад’язджаючы ў Расію, многія сенненцы проста не падтрымліваюць сувязь са сваімі роднымі, якія вымушаны звяртацца ў праваахоўныя органы.