Усе амплуа левага фулбэка ФК «Сянно»

iqqf6wef_d8
У жыцці абаронцы (у англамоўным варыянце футбаліста, які гуляе на пазіцыі абаронцы, называць фулбэк) сенненскага футбольнага клуба Рустама Хасанава (на здымку) футбол – не адзінае захапленне. У спартыўным асяроддзі Рустама ведаюць таксама як прафесійнага валейбаліста.
Вялікім футболам ён стаў займацца адносна нядаўна. У дзяцінстве гарэзлівы хлапчук з задавальненнем наведваў урокі фізкультуры настаўніка СШ №2 г.Сянно Андрэя Сапежкі, паралельна займаўся лёгкай атлетыкай у Сенненскай СДЮШАР. А ў вольны час разам з сябрамі любіў паганяць мяч.
Шлях у вялікі футбол для яго ляжаў праз удзел у раённых спаборніцтвах па міні-футболе. Менавіта там бегавыя якасці выратавальніка Сенненскага РАНС Хасанава запрыкмецілі трэнеры сенненскага футбольнага клуба. На прапанову перайсці ў клуб хлопец пагадзіўся. Спачатку Рустама ўключылі ў дублюючы склад. На поле выпускалі на некалькі хвілін, каб змог адчуць смак сур’ёзнай гульні. Вырашальным для Рустама стаў матч з ФК “Міёры”, што праходзіў у межах мінулагодняга чэмпіянату вобласці. Тады пачынаючы футбаліст за гульню забіў у вароты саперніка два прыгожых галы. З таго часу Рустам трывала замацаваўся ў асноўным складзе сенненскай каманды.
Са спортам ён сябруе ўсё жыццё. І зараз годна выступае за валейбольную зборную Сенненшчыны. Неаднаразова прызнаваўся лепшым гульцом раённага чэмпіянату па валейболе. Па роду сваёй прафесійнай дзейнасці займаецца і пажарна-прыкладным спортам.
У калекцыі Рустама неверагодная колькасць самых розных узнагарод. Некалькі дзясяткаў медалёў нават не ўтрымаць дзвюма рукамі.
Яшчэ адно амплуа Рустама звязана з творчасцю. На Сенненшчыны хлопец вядомы як спявак і музыкант. Малады чалавек валодае скрыпкай і гітарай, азы ігры на музыкальных інструментах асвоіў падчас вучобы ў Сенненскай дзіцячай школе мастацтваў. Ён нярэдкі госць на раённай сцэне, даводзілася выступаць і на вобласці. Акрамя таго, Рустам яшчэ і актывіст ГА “БРСМ”.

— Я вельмі рады, што трапіў у сям’ю, імя якой ФК “Сянно”, — прызнаецца Рустам Хасанаў. – Буду старацца апраўдваць надзеі тых, хто паверыў у мяне і “хварэе” за нашу каманду кожны матч.

Ірына ХАСАНАВА.