З “Вечарынкай” свята ў радасць

Сёлета народны ансамбль «Вечарынка» Сенненскага раённага метадычнага цэнтра двойчы прымаў удзел у абласных фэстах. Летам гурт выступаў на Глыбоччыне, дзе праходзіла свята абрадавага фальклору «Купалле Паазер’я». На днях з падарункамі і дыпломам «вечарынкаўцы» вярнуліся з аршанскай зямлі.

 На ХІХ фестываль беларускага мастацтва і фальклору «Бараньскія музыкі — 2010» з’ехаліся таксама гурты з Оршы, Горак, Барані. Сярод іх выканаўцы беларускай песні, харэаграфічныя калектывы, інструментальныя ансамблі. Свята народнай музыкі адбывалася на сцэне мясцовага Палаца культуры. Для «Вечарынкі» сёлетні бараньскі фэст стаў другім па ліку.

 Па словах кіраўніка гурта Таццяны Ладунец, пачуць сенненскіх артыстаў можна не толькі на конкурсах ды фестывалях. Народны ансамбль прымае і індывідуальныя заказы ад грамадзян на святкаванне юбілеяў, правядзенне вясельных абрадаў і іншых сямейна-бытавых урачыстасцяў.

Вольга Бандарэвіч.