Небяспечная знаходка

На вуліцы Пятаковіча 24, што ў  райцэнтры, знойдзены 6 нямецкіх мінамётных снарадаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

 Трывожны званок паступіў у Сенненскі ваенкамат у першай палове дня 29 кастрычніка. Віктар Шацько капаў траншэю, каб правесці ваду ў сваю хату, і натыкнуўся на дзве жалезныя скрыні, у якіх ляжалі снарады.

 Па словах мужчыны, ён і раней знаходзіў гільзы на агародзе. Але тое, што кожны дзень хадзіў па мінах,  падумаць не мог.

 На месца адразу выехаў Вячаслаў Рамашэўскі — начальнік групы прызыву на ваенную службу, адказны за размініраванне ў Сенненскім раёне. Прыбылі на Пятаковіча і супрацоўнікі раённага аддзела Дэпартамента аховы. 

 Служачыя групы размініравання ВЧ 5524 горада Віцебска пацвердзілі: гэта мінамётныя снарады перыяду Вялікай Айчыннай вайны калібру 81 мм. У зямлі захаваліся добра. Таму транспарціроўка не запатрабавала асаблівых мер. Іх вывезлі на палігон і знішчылі.

 Як расказаў Вячаслаў Алегавіч, у гэтым годзе ўжо 8 разоў у наш раён выязджала сапёрна-піратэхнічная група ўнутраных войск Рэспублікі Беларусь. Колькі яшчэ часу мы будзем знаходзіць узрыванебяспечныя рэчы? На гэта пытанне адказ ёсць у фізікаў. На цвёрдым прадмеце, што знаходзіцца ў зямлі, — камені, снарадзе, міне кандэнсуецца вільгаць, што збіраецца ў ніжняй яго частцы. Зімой гэта вада замярзае, пашыраецца і выпіхвае прадмет на паверхню. Зразумела, для гэтага патрэбны час. Усе залежыць ад глыбіні і ўмоў надвор’я. Таму і сёння на палетках мы збіраем не толькікаменне.

 Часцей за ўсё, падобныя «падарункі» знаходзяць вясной і восенню, калі вядуцца земляныя работы, будоўля.

 Ні ў якім разе не трэба чапаць іх ці перакладаць з месца на месца. Хоць з часу ваенных дзеянняў прайшло больш за паўвека, міны і снарады маглі добра захавацца і ўяўляюць небяспеку. Калі вы знайшлі нешта падобнае, не раздумваючы, тэлефануйце па нумару 102 ці паведаміце ў Сенненскі ваенкамат (тэл.4-14-34). Тэлефоны працуюць кругласутачна.

 Кацярына КАРПОВІЧ.

 На здымку: мінамётныя снарады, знойдзеныя ў Сянно.