Хто ў лес, хто па дровы

У райвыканкаме прайшла чарговая нарада па падрыхтоўцы прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, жыллёвага фонду да функцыяніравання ва ўмовах зімы. Вяла яе намеснік  старшыні райвыканкама Ганна Якаўлева.  Яна заўважыла, што, па  папярэдніх прагнозах метэаролагаў, сёлетняя зіма будзе досыць халоднай. Таму трэба мець не толькі ўстаноўленую норму запасаў паліва, але і звыш яе. Дровы, якія пераважна выкарыстоўваюцца на кацельнях РУП ЖКГ,  насельніцтвам, трэба рыхтаваць штодня.

 Як паведаміў галоўны інжынер прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мікалай Жукоўскі, для таго, каб забяспечыць устойлівую работу крыніц  цяпла, якія працуюць на мясцовых відах паліва, лясгас штомесячна павінен пастаўляць камунальнікам  2000 м куб. дроў. У кастрычніку аб’ём паставак знізіўся да 600 метраў кубічных.  Рыхтуюць камунальнікі паліва ўласнымі сіламі. Для гэтага ў камунгасе створаны і працуюць дзве  брыгады, сіламі якіх нарыхтоўваецца па 10 м куб. дроў.  У бліжэйшыя дні чакаецца  цэнтралізаванае паступленне пяці вагонаў дроў  з Бярэзінскага лясгаса, дзе працягваецца ліквідацыя  наступстваў  буралому.

 Сёлета адна з кацельняў  прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі пераведзена  на выкарыстанне  шчапы. Запасы сыравіны для здрабняльнай машыны ёсць. Яны пастаянна папаўняюцца. Так што, на думку М.Жукоўскага, асаблівых праблем з палівам не будзе, калі лясгас сваю норму дроўбудзе пастаянна папаўняць.

 Ганна Якаўлева  такі аптымізм не падзяляе.

 — Спадзявацца толькі на партнёраў не варта. Думайце, як арганізаваць у камунгасе яшчэ адну брыгаду, каб рыхтаваць больш дроў уласнымі сіламі, — паставіла яна задачу.

 Патрэбу ў дровах мае не толькі прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Няма рытмічнасці ў выкананні заявак  насельніцтва. На дапамогу раённаму філіялу абласнога прадпрыемства па паліву прыйшлі іншыя прадпрыемствы раёна. Транспарт для дастаўкі дроў  прадастаўляюць нават сельгасарганізацыі. Чарга змяншаецца. Толькі вось зваротаў ад насельніцтва менш не стала. Яны набылі іншы характар. Скаргі найчасцей датычаццаякасці дроў, цаны на іх і сведчаць аб нізкім узроўні работы спецыялістаў і кіраўніцтва лясніцтваў  і лясгаса. Работнікам лясной гаспадаркі іншы раз не хапае элементарнай культуры зносін з людзьмі, адказнасці за сваю работу.

 Хапае арганізацыйнай неразбярыхі.

  — Чалавек заказваў колатыя дровы, а яму прывезлі  двухмятровыя, — прывяла прыклад Г.Якаўлева. — Падобныя факты недапушчальныя.

 Зразумела, без паліва ніхто не застанецца. Мёрзнуць людзі, якая б ні была суровая зіма, не будуць. У дзяржавы хапае  матэрыяльных рэсурсаў, а ва ўладных структур паўнамоцтваў і сіл, каб забяспечыць камфортныя ўмовы пражывання і працы.

  Л.Іўеў.