Дом рамёстваў прапануе ўсім сенненцам далучыцца да стварэння пяцімятровага ручніка-абярэга
Да абласных “Дажынак – 2016” у Сянне саткуць пяцімятровы рушнік-абярэг, далучыцца да стварэння якога ўжо змогуць жыхары райцэнтра.
Сенненскі раённы Дом рамёстваў распачаў акцыю “Сатчом рушнік разам!”. Усе, хто жадае, могуць прыйсці ва ўстанову культуры і дапамагчы выткаць палатно. Гатовы рушнік будзе прэзентаваны на абласным фестывалі-кірмашу працаўнікоў вёскі.
Ідэя акцыі ўзнікла невыпадкова. Дырэктар культурнай установы Вольга Квашко распавядае:
— Дом рамёстваў працяглы час займаецца адраджэннем традыцый мясцовага ткацтва. Мы ставім сабе за мэту не толькі захаваць народную культуру, але і садзейнічаць яе развіццю. Сенненшчына –адметны ў плане ткацтва рэгіён. Адно тое, што з нашым раёнам звязана імя самай знакамітай ткачыхі Беларусі – Матроны Маркевіч, аўтаркі ўзору, што лёг у аснову арнаменту на дзяржаўным сцягу, таму яркае сведчанне. Працягнуць традыцыі продкаў – наш абавязак!
І далучыцца да гэтай высакароднай справы майстры прапануюць усім сенненцам. Такім чынам, ужо сёння вы можаце зайсці ў раённы Дом рамёстваў і ўнесці сваю лепту ў гэтае неблагое пачынанне. Не перажывайце, калі не ўмееце ткаць: тутэйшыя майстры абяцаюць навучыць кожнага.
Вольга БАНДАРЭВІЧ.
На здымку: Першыя сцяжкі ўжо пакладзены… Вольга Квашко і майстар Іна Стычынская ля кроснаў з будучым рушніком.