Капітан маёй каманды!
Так называюць сенненскія футбалісты і балельшчыкі Івана Казлоўскага (на здымку).
Капітан з’яўляецца афіцыйным лідарам гульцоў каманды. Звычайна гэту “пасаду” займае старэйшы або найбольш вопытны член дружыны. Павязка на левай руцэ — прыкмета капітанства — вымагае ад яе носьбіта многага. Менавіта капітан нясе адказнасць за паводзіны футбалістаў і маральны дух у камандзе. Іван Казлоўскі апошнія 5 гадоў з’яўляецца лідарам зборнай раёна.
З сямі гадоў ён сябруе з футболам. Хлапчуком ганяў мяч на кожным перапынку, уроку фізкультуры. Настаўнік Анатоль Рыбчанка захапленню свайго вучня не замінаў, бо ўжо тады бачыў, што расце будучая “зорка футболу”, няхай і мясцовай велічыні. Раскрыў жа здольнасці Івана Святаслаў Шуцікаў. Ужо ў 15 гадоў Казлоўскі ўпершыню выступіў за футбольную каманду раёна. У час канікул трэнер вазіў свайго таленавітага гадаванца ў СДЮШАР №6 г.Віцебска на трэніроўкі і турніры. Іван гуляў у дублюючым складзе ФК “Нафтан”(Наваполацк), потым быў “Газавік” (Віцебск). Цяпер ён трэніруецца ў Сяргея Галынчыка.
— Самы важны матч у маім жыцці — фінал леташняга чэмпіянату вобласці па футболе, дзе сустракаліся з “Лепелем”, — дзеліцца Іван. – Тады мы сталі чэмпіёнамі! Ніколі не забуду “залаты” гол у выкананні Марата Воранава, атмасферу на трыбунах, якую стварылі нашы адданыя балельшчыкі, дзякуй ім за гэта. Яны – лепшыя! Дзякуй маёй камандзе, якая давярае мне.
Па словах Казлоўскага, поспехі сенненскай каманды — не выпадковасць. Кожны з футбалістаў прайшоў пэўную школу, многія гулялі ў прафесійных клубах. Сённяшні склад сенненскай каманды, падкрэслівае яе лідар, вельмі моцны, адсюль і заканамерны вынік.
Іван Казлоўскі жыве і працуе ў абласным цэнтры, але, прызнаецца, што для яго сапраўдны гонар выступаць за футбольную каманду роднай Сенненшчыны.
Вядучая рубрыкі Ірына ХАСАНАВА.
Фота аўтара.