Нарыхтоўка кармоў знаходзіцца пад наглядам райветстанцыі

Tuva_zagotavlivaet_kormaУ гаспадарках раёна працягваецца нарыхтоўка кармоў. Іх якасць знаходзіцца на асаблівым кантролі райветстанцыі, спецыялісты якой штодзённа правяраюць травяністыя кармы, што закладваюцца на захоўванне.

     Як паведаміла галоўны ветэрынарны ўрач раёна Алена Мялешка, дзейнічае дзве тэхналагічныя групы па кантролі за ходам нарыхтоўкі кармоў і іх якасцю. Яны штодзённа аб’язджаюць гаспадаркі раёна і правяраюць выкананне тэхналагічных рэгламентаў скошвання травы, здрабнення правяленай масы, забеспячэння кругласутачнай трамбоўкі сянажнай масы, падрыхтоўкі сянажных траншэй, захавання тэрмінаў іх запаўнення, надзейнасць укрыцця нарыхтаванага корму.

     Спецыялісты райветстанцыі не толькі правяраюць вільготнасць і тэмпературу сянажнай масы, але і адбіраюць пробы для папярэдняй ацэнкі якасці корму па ўтрыманні караціну. Адбор праводзіцца ў адпаведнасці з дзяржаўнымі стандартамі. Пробы бяруцца з розных месцаў траншэі, вызначаецца якасць партыі аднатыпнага корму у канкрэтным сховішчы.

     — У раёне закладзена 44 сянажныя траншэі, – расказала Алена Мікалаеўна. – Па ўтрыманні караціну першым  класам нарыхтавана 40% кармоў, другім  – 35%, трэцім – 25%. Падкрэсліваю, гэта папярэдняя ацэнка, а поўны заатэхнічны аналіз кармоў будзе зроблены пасля завяршэння так званага перыяду даспявання — прыкладна праз месяц пасля закрыцця сянажных траншэй. Толькі тады можна будзе дакладна сказаць, наколькі кармы якасныя. Сена ў сельгаспрадпрыемствах Сенненшчыны адпавядае 1-2 класу.

 Каб арганізавана правесці корманарыхтоўку, у раёне створана тры кормаўборачныя атрады: механізатары ААТ “Белая Ліпа” працуюць сумесна з сінягорцамі, ААТ “Студзёнка” з сельгаспрадпрыемствам імя Гараўца, ААТ “Бяленева” аб’ядналася з суседзямі з “Літусава”.

 Увогуле, у раёне ўжо маецца ў сярэднім на кожную ўмоўную жывёліну амаль па 10 цэнтнераў кармавых адзінак. Найбольш – у СУП “Саўгас імя Машэрава” – каля 15 цэнтнераў. Дарэчы, менавіта ў гэтай гаспадарцы забяспечана самая высокая прыбаўка да ўзроўню аналагічнага леташняга перыяду. Яна складае больш за 5 цэнтнераў кормаадзінак. І зніжаць тэмпаў мясцовыя нарыхтоўшчыкі не намераны. Варта адзначыць арганізацыю работы ў ААТ “Сінягорскае”. У гаспадарцы належным чынам падрыхтавалі траншэі, навялі парадак вакол іх. А сельгаспрадпрыемства “Дружбінец” першым завяршыла нарыхтоўку кармоў з траў першага ўкосу і зараз са сваёй тэхнікай аказвае дапамогу суседняй гаспадарцы — ААТ “Пурплева”.

Ларыса МУКАМОЛАВА.