180 гадоў на дваіх

1Менавіта столькі сёлета споўнілася сужэнцам Паўлоўскім з Сянна. Крыху больш за месяц раздзяляе іх дні нараджэнні.

Канстанцін Антонавіч і Ксенія Іосіфаўна — паважаныя асобы ў раёне. Заслужаныя настаўнікі, прадаўжальнікі настаўніцкай дынастыі. Акрамя таго, Канстанцін Антонавіч — адзін з нямногіх сёння жывых ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
Музычнае віншаванне з нагоды 90-гадовага юбілею сямейная пара на днях прымала ад вакальнай групы «Аптымісты». У склад гэтага творчага калектыву ўваходзяць ветэраны настаўніцкай справы, многім з якіх пашанцавала працаваць з юбілярамі. «Канстанцін Антонавіч меў аўтарытэт і сярод калег, і сярод вучняў», — прыгадвае «аптымістка» Ларыса Крысанава. Шмат цёплых слоў у адрас свайго колішняга начальніка выказала і Валянціна Пагарэльская, уручаючы віноўніку ўрачыстасці падарунак ад раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Пранікнёныя вершы і песні, якія гучалі ў гэты дзень для іх, сужэнцы ўспрымалі са шчырай удзячнасцю. А песню у доме Паўлоўскіх любяць. Канстанцін Антонавіч працяглы час з’яўляўся ўдзельнікам раённага хору ветэранаў. Толькі здароўе не дазваляе яму сёння рэгулярна наведвацца на рэпетыцыі, але голасу ветэран не страціў і з задавальненнем зацягваў пад акардэон вайсковую песню. Яны ў рэпертуары Паўлоўскага маюць важную ролю, бо ўсе цяжкасці ваенных паходаў ён зведаў на сабе.
…Васьмігодку вясковы падлетак з Тухінкі скончыў акурат у 1941 годзе. У 15 гадоў на фронт не бралі, але юнак як мог дапамагаў: дабываў звесткі для партызанскай брыгады Ляонава. Двойчы збягаў з адпраўкі на работы ў Германію. Панюхаць пораху яму давялося пасля вызвалення Беларусі, калі Канстанціна прызвалі ў армію. Дарогі вайны давялі яго ажно на Далёкі Усход. За гэты час кулямётчык Паўлоўскі быў двойчы паранены.
Пасля дэмабілізацыі ў 1950 годзе старшы лейтэнант Паўлоўскі вяртаецца на малую радзіму і ўладкоўваецца настаўнікам ваенна-фізічнай падрыхтоўкі ва Ульянавіцкую школу. А ў 1951 годзе ён паступае ў Лепельскае педвучылішча на настаўніка пачатковых класаў — вызначальную ролю ў прафесіі, можна сказаць, сыгралі гены. Родны дзядзька Канстанціна Антонавіча — Архіп Міхайлавіч быў педагогам, працаваў у школах нашага раёна, менавіта з яго бярэ свой пачатак настаўніцкая дынастыя Паўлоўскіх.

А вышэйшую адукацыю Канстанцін Паўлоўскі атрымаў у Магілёўскім педынстытуце, дзе адвучыўся на настаўніка гісторыі. Быў дырэктарам Ульянавіцкай і Нямойтаўскай школ, загадваў аддзелам адукацыі райвыканкама. працоўную дзейнасць завяршыў у 75 гадоў — у 2001 годзе. Такім чынам настаўніцтву Канстанцін Паўлоўскі прысвяціў нямнога-нямала 58 гадоў свайго жыцця.
Дзякуючы школе ён спаткаў і сваю другую палавінку. У клубе на танцах пазнаёміўся з маладой настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Ксеніяй Куранцовай, якую размеркавалі ва Ульянавіцкую школу, дзе на той час працаваў Канстанцін Антонавіч. З тых часоў яны разам вось ужо 65 гадоў. І, назіраючы за тым, з якой пяшчотай сужэнцы трымаюць адзін аднаго за руку, здаецца, што час не ўладны над пачуццямі.
Настаўніцкую справу Паўлоўскіх працягваюць дзеці: сын Ігар Канстанцінавіч разам з жонкай Майяй Сцяпанаўнай працуюць у СШ №1 г.Сянно, дачка Ала выкладае фізіку ў адной са школ Талачынскага раёна. Яшчэ адна дачка Таццяна — медработнік.
Нягледзячы на свае сталыя гады, Паўлоўскія стараюцца не прапускаць ніводнай дзяржаўнай урачыстасці. Вось і заўтра Канстанцін Антонавіч рыхтуецца дастаць свае ўзнагароды, сярод якіх два ордэна Айчыннай вайны 1-ай і 2-ой ступеняў, медалі «За баявыя заслугі», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За перамогу над Германіяй», «За перамогу над Японіяй» і інш.
У сям’і Паўлоўскіх 9 Мая і Дзень Незалежнасці — у ліку галоўных і любімых святаў.
Вольга БАНДАРЭВІЧ.