Ногі не стрывалі

  Іду аднойчы пасля рабочага дня ў бліжэйшы ад дома магазін. Здалёк бачу — пад сцяной каля ганка гандлёвай кропкі сядзіць мужчына. Прыстойна так сядзіць, быццам адпачывае. На п’янага  не падобны. Набліжаюся да ганка, а мужчына глядзіць у вочы і маўчыць, ну прама, прабач, Божа, за параўнанне, як той сабака. Пытаюся: «Што з вамі?» «Ногі адказалі», — гаворыць. «Можа паспрабуем уставаць?» —падаю небараку руку. «Хацеў бы паспрабаваць…» — няўпэўнена адказвае «сядзелец».

 На шчасце, мужчына аказаўся «дробнага» целаскладу і з маёй дапамогай устаў на ногі. Але неяк незвычайна выгнуўся назад. І так стоячы, стараўся ўтрымаць раўнавагу. Але ад думкі трапіць у магазін не адмовіўся.

 Следам за мною на ганак яго ўзвёў другі мужчына, таксама з «праблемнымі» нагамі. Прадавец, паглядзеўшы на пакупніка, выгнутага дугой, спачувальна спытала: «Што, спіна баліць?» «Не, ногі падвялі, —  адказаў мужчына, з нецярпеннем працягваючы скамечаныя грошы. — Адну вялікую…»  «Вялікая», калі хто недасведчаны, бутэлька віна 0,7 літра. Выходзячы з крамы, падумала:»Недалёка ж дойдзеш. Зноў ногі не стрываюць».

Таццяна Буракова.