Разумных выявіць гульня

Самай інтэлектуальнай прызнана каманда цэнтральнай раённай бальніцы «Мядзведзікі».

 Восеньская гульня «Што? Дзе? Калі?» сярод працоўнай моладзі сабрала ў «Акропалі» 12 каманд. Разам з медыкамі ўдзел прымалі наступныя каманды: райгаз —  «Запавет Ільіча», сенненскі аграсервіс — «Аграсервіс.by», РАУС —»102″, дэпартамент аховы — «Пад знакам савы», аддзел адукацыі, аддзел культуры — «Культурысты», райвыканкам — «Імпульс», райспажыўтаварыства — «Ніка Трэйд», ПМК-64 — «Будаўнік», ЦБУ №218 філіяла № 200 ААБ»Беларусбанк» — «50 цэнтаў», аддзяленне «Аграпрамбанк» — «Ва-банк».

 Вёў гульню вядучы спецыяліст аддзела ідэалогіі райвыканкама Аляксандр Волк. Адказы ўдзельнікаў ацэньвала жаночае журы ў складзе начальніка аддзела па справах моладзі райвыканкама Марыны Наваковіч, галоўнага спецыяліста раённага Савета дэпутатаў Ганны Цяцюевай і намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх Наталлі Рыбчанкі.

 Па выніках двух тураў вызначылася тройка лідэраў. Трэцяе месца аказалася ў каманды райвыканкама «Імпульс». Другое занялі прадстаўнікі «Беларусбанка». А першае месца і пераходны кубак на гэты раз атрымалі «Мядзведзікі».

 Прыемна ўразіла гульня нашых ахоўнікаў з «Пад знакам савы». Нягледзячы на тое, што склад каманды быў напалову меншы за іх сапернікаў — тры чалавекі супраць неабходных шасці — яна паказала выдатны вынік, заняўшы перадпрызавое чацвёртае месца.

Вольга Бандарэвіч.