Не чакаючы асноўных сіл

Мацюшаў+Няўмольна бяжыць час. У віхуры жыцця з хуткасцю мяняюцца дзень за днём, аддаляючы нас ад трагічнай даты 22 чэрвеня 1941 года. За гады мірнага існаванння да непазнавальнасці змянілася наша Радзіма, нарадзілася не адно пакаленне людзей. Толькі нязменнай застанецца ўдзячнасць нашчадкаў усім тым, хто здабыў перамогу ў свяшчэннай вайне.

Адзін з іх — дваццацісямігадовы Аляксей Мацюшоў, які па-геройску загінуў на подступах да горада Дзямідава Смаленскай вобласці. Як і іншыя салдаты, ён зусім не збіраўся паміраць, але і не змагацца з ворагам не мог…
Мірнае жыццё
Аляксей нарадзіўся 21 сакавіка 1916 годзе ў в. Оўсішча Латыгальскага сельсавета і стаў шостым дзіцём у беднай сялянскай сям’і. Калі хлопчык яшчэ быў маленькі, памёр бацька. На плечы дзяцей узваліліся новыя абавязкі па гаспадарцы, якія прымусілі стаць дарослымі не па гадах. Каб пайсці вучыцца і атрымаць адукацыю, у сям’і ніхто нават і не марыў. Але Аляксея, як самага малодшага, чакаў іншы лёс. Маці, Ганна Анікееўна Мацюшова, жадала лепшай долі для свайго сына.

— Бабуля лічыла, што лепшы лёс яму забяспечыць навука. Ён зможа стаць пісарам, настаўнікам або яшчэ якім вучоным чалавекам, — успамінае Эмілія Калеснікава з вёскі Баравікі, пляменніца Аляксея Мацюшова.
І родныя не памыліліся. Хлопец спачатку скончыў Латыгальскую сямігодку, затым уладкаваўся настаўнікам ў сваёй роднай школе. Ва ўзросце дваццаці аднаго года юнака прызвалі у армію. Аляксей вырашае звязаць свой далейшы лёс з ваеннай службай і паступае ў Харкаўскае ваеннае вучылішча пагранічных войск.
Напярэдадні вайны Аляксей прыехаў у чарговы адпачынак да сваіх родных.
— Па дарозе да роднай хаты, — успамінае адна з яго пляменніц Ніна Юранава з Сянна, — ён завітаў да сваёй старэйшай сястры Аляксандры, якая жыла адна з чатырма маленькімі дзецьмі, бо муж быў рэпрэсаваны. Убачыўшы, што тая коле дровы, ён, не пераапранаючыся, кінуўся на дапамогу.

У памяці родных ён назаўсёды застанецца чулым і спагадлівым чалавекам. У роднай вёсцы чакала яго і каханая дзяўчына Галіна Ляхоўская. Маладая пара збіралася пабрацца шлюбам у наступны прыезд Аляксея. Але гэтым планам не наканавана было здзейсніцца.
Ваенныя дзеянні
У ліпені 1941-га 25-гадовы Аляксей Мацюшоў трапляе на фронт. Ён адразу ж праяўляе сябе як бясстрашны баец, за што і быў ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга і медалём «За баявыя заслугі». У маі 1943 года пасля заканчэння шасцімесячных курсаў пры Ваеннай Акадэміі імя М.В.Фрунзе Аляксея Мацюшова накіроўваюць у 940-вы стралковы полк 262-ой стралковай дывізіі на пасаду начальніка штаба палка.

З успамінаў І. Арзамасцава, былога камандзіра ордэна Кутузава 940-га стралковага палка: «Пяць месяцаў наш полк знаходзіўся ў абароне. За гэты час маёр Аляксей Мацюшоў праявіў сябе энергічным, валявым, падрыхтаваным і культурным штабным работнікам, які валодаў добрымі арганізатарскімі здольнасцямі. Ён горача любіў сваю Радзіму і ўсёй душой ненавідзеў ворага. Знаходзячыся ў абароне, ён казаў: «Хутчэй бы перайсці ў наступленне і пачаць помсціць ненавіснаму ворагу».
Доўгачаканае наступленне пачалося 15 верасня, 940-вы стралковы полк разам з іншымі злучэннямі 43-й арміі атакаваў ворага. Пасля працяглых баёў у раёне вёскі Петрыкава ўдалося прарваць нямецкую абарону. 18 верасня 262-я стралковая дывізія ўвайшла ў прарыў нямецкай абароны ў в. Рыбшына Дзямідаўскага раёна. 940-вы стралковы полк наступаў у авангардзе дывізіі ў напрамку г. Дзямідава. Раніцай палку ўдалося перайсці пярэдні край нямецкай абароны з траншэямі, дзотамі і бліндажамі. Пасля чаго падраздзяленні палка былі перастроены ў калону, наперадзе якой рухаўся перадавы атрад у складзе стралковага батальёна і мінамётнай роты. А ўперадзе ішла разведка (узвод аўтаматчыкаў) і баявая ахова на чале з Аляксеем Мацюшовым. За дзень полк вызваліў населеныя пункты Башкова, Букіна, Зальнева, Скамарошша і адрэзаў шляхі адыходу немцам. Перадавы атрад на чале з Мацюшовым выйшаў у тыл нямецкага гарнізона, які размяшчаўся ў в. Вераб’і. Маёр не чакаў падыходу галоўных сіл палка, а арганізаваў і ўзначаліў атаку, у якой вораг быў разгромлены.

На другі дзень полк працягваў сваё наступленне. Непадалёку ад вёсак Георгіеўскае і Дзмітракі разведка ўстанавіла, што немцы ўмацоўваюць свае пазіцыі і зусім не чакаюць нападзення. Аляксей Мацюшоў вырашыў без падыходу асноўных сіл разбіць фашыстаў.
З успамінаў удзельніка бою, аўтаматчыка Васіля Сіткіна. «Хоць нас і мала тут, трэба ўсё ж атакаваць, бо інакш разгортванне ўсяго палка не застанецца незаўважанным, а гэта прывядзе да вялікіх страт», — з гэтымі словамі Мацюшоў першым кінуўся ў бой. З крыкамі «ура» салдаты абрушыліся на фашыстаў. Для ворагаў гэта стала нечаканасцю. Хаця апошнія апомніліся і пачалі адстрэльвацца, перамога ўсё ж была на баку савецкіх салдат. Гэта дало магчымасць разбіць важныя апорныя пункты гітлераўцаў з найменшымі стратамі. Атрад знішчыў больш за сотню немцаў. Было захоплена 4 мінамёты, 27 кулямётаў, 3 рацыі, 12 павозак з маёмасцю і боепрыпасамі, у тым ліку са штабнымі дакументамі і іншымі трафеямі. У гэтым баі маёр Мацюшоў знішчыў некалькі дзясяткаў ворагаў, але і сам загінуў. Аляксею Мацюшову пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Ганна КОРСАКАВА.