На апошнім пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта шукалі індывідуальныя рэцэпты

44На апошнім пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта шукалі рэцэпты для аздараўлення эканомікі РУП ЖКГ, жывёлагадоўчай галіны раёна, скарачэннем запазычанасці ў абавязаных асоб.

Ацяпляльны сезон 2015-2016 гадоў прайшоў без аварый на кацельнях. Нават тыя рэдкія парывы на трубаправодах, якія ўсё-такі мелі месца, не парушылі бесперабойную падачу цяпла ў дамы і кватэры, на аб’екты сацыяльнага і культурна-бытавога прызначэння, у  арганізацыі, на прадпрыемствы. У зімовых умовах было забяспечана належнае ўтрыманне дарог. Работнікі ДЭУ-38 і ДРБУ-146 своечасова справіліся са снегам, які прынёс цыклон «Даніэла».

Станоўчыя ацэнкі прагучалі, калі падводзіліся вынікі мінулага ацяпляльнага перыяду, абмяркоўвалася падрыхтоўка раёна да работы ў асенне-зімовы час 2015-2017 гадоў. Не былі абыдзены ўвагай «вузкія» месцы,  у першую чаргу звышнарматыўныя страты цяпла. Сітуацыя, праўда, выпраўляецца, дзякуючы паступовай замене старых труб цеплатрас на папярэдне ізаляваныя. Да пачатку наступнага ацяпляльнага сезона іх даўжыня павялічыцца яшчэ на 3 км. Захаванню цяпла будзе садзейнічаць рамонт 32 пад’ездаў шматкватэрных дамоў, капітальны рамонт жылля, правядзенне рэанавацыі.

Сур’ёзную заклапочанасць у членаў выканкама выклікае сёлетняя забяспечанасць дровамі, іншымі відамі мясцовага паліва. Не першы раз старшыня райвыканкама Васілій Чараднік выказаў сваё патрабаванне, каб камунальнікі актыўней рыхтавалі дровы, шчапу ўласнымі сіламі, што дапаможа знізіць дэбіторскую запазычанасць перад лясгасам за пастаўленае паліва.

Зніжэнне затрат для любога вытворцы тавараў, паслуг мае вызначальнае значэнне. Але агульных рэцэптаў для лячэння гэтай хваробы не існуе. У рашэнні райвыканкама для РУП ЖКГ прапісаны шырокі спектр лекаў. Калі не вылечыць, дык аздаравіць эканоміку прадпрыемства дапамогуць аднаўленне аўтаматыкі воданапорных вежаў, дэмантаж  вулічных водаразборных калонак. Пры гэтым камунальнікі абавязаны забяспечыць увод вады ў кожны індывідуальны дом, прадаставіўшы ўласніку жылля растэрміноўку па аплаце за выкананыя работы. Неабходна прыняць кардынальныя меры, якія дазволяць пагасіць пратэрмінаваную запазычанасць па квартплаце. Не выключана, што давядзецца пайсці нават на высяленне з кватэр неплацельшчыкаў камунальных паслуг.

У рашэнні райвыканкама пазначаны даручэнні для іншых арганізацый, якія забяспечваюць насельніцтва палівам, займаюцца пасажыраперавозкамі. Звернута ўвага на мерапрыемствы супрацьпажарнай накіраванасці ў асяроддзі маламаёмаснага насельніцтва, у дамах, дзе жывуць шматдзетныя сем’і.

Энергацепланосьбіты, нават мясцовыя, танней не становяцца — гэта сусветная тэндэнцыя. А таму ў эканоміі паліва зацікаўлены як юрыдычныя, так і фізічныя асобы. Жыхарам шматкватэрных дамоў з нядаўняга часу даводзіцца плаціць за электраэнергію, што выкарыстоўваецца ў месцах грамадскага карыстання. Датацыі камунальным службам з бюджэту скарочаны. Выхад у такой сітуацыі бачыцца ва ўстаноўцы лічыльнікаў, энергазберагаючага абсталявання, розных рэле. Аднак поспех у гэтым накірунку магчымы толькі пры ўзаемным руху вытворцаў і спажыўцоў паслуг.

Без працэсаў, накіраваных на эканомію матэрыяльных рэсурсаў, пры адначасовым пашырэнні вытворчасці нельга разлічваць на поспех і ў сельскай гаспадарцы. А ў такой сферы як асемяненне буйной рагатай жывёлы карпатлівая работа павінна весціся штодня. Перш чым даць слова Ніне Венгроўскай, дырэктару племстанцыі, якая выступіла асноўным дакладчыкам на пасяджэнні райвыканкама па азначаным пытанні, Васілій Чараднік падзяліўся ўласнымі назіраннямі.
— Калі ў сельгасарганізацыі правальваюць асемяненне, праз некаторы час прыходзіць у заняпад эканоміка. А таму ў гэтай рабоце патрэбен пастаянны кантроль як з боку спецыялістаў райсельгасхарча, так і племстанцыі, — упэўнены ён.
За чатыры месяцы бягучага года ў грамадскіх сельгасарганізацыях раёна атрымана 4829 жывых цялят, на 201 галаву менш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Найбольшае зніжэнне прыплоду ў ААТ «Белая Ліпа» (77 галоў) і УП «Дружбінец» (72). Панесены страты ў іншых кампанентах узнаўлення пагалоўя: зарэгістравана 300 галоў мертванароджанага прыплоду, 143 аборты жывёлы. Са статку буйной рагатай жывёлы выбыла 128 галоў сцельных кароў і 52 цялушкі.

У рабоце па ўзнаўленні дойнага статку важную ролю адыгрывае ўлік. Меркавалася, што за аналізуемы перыяд будзе атрымана 4998 цялят, атрымалі — 4829. У ААТ «Студзёнка» недаатрымалі 141 галаву, у саўгасе імя Машэрава — на 143 больш, чым чакалі. Прыведзеныя лічбы сведчаць — спецыялісты сельгасарганізацый не валодаюць у поўнай меры інфармацыяй пра чаканы прыплод.

На грамадскіх фермах карова дае прадукцыю 5-6 гадоў. А таму так важна, каб дойны статак рэгулярна аднаўляўся. У час пасяджэння выканкама падрабязна аналізавалася работа па вырошчванні цялушак. Тэхналагічныя прывагі (746 грамаў у суткі) атрымана толькі ў ААТ «Літусава». У выніку пад асемяненне маладняк трапляе ў 19 месяцаў, а не ў 15.
Застаецца нізкай захаванасць цялушак. За чатыры месяцы невытворчае выбыццё ў раёне склала 24%, а ў ААТ «Бяленева» — 53%, «Белая Ліпа» — 42, «Пурплева», «Сенненскі райаграсэрвіс» — 30% ад прыплоду.

Пры такіх паказчыках наўрад ці можна разлічваць на рэнтабельную вытворчасць. А значыць і на пашыранае яе ўзнаўленне, рост эканамічных паказчыкаў, заработнай платы. Змяніць сітуацыю можна не інакш як больш напружанай працай, строгім захаваннем тэхналагічных патрабаванняў, на што і нацэльвае аграрнікаў рашэнне выканкама.
Дзясяты год рэалізуецца Дэкрэт Прэзідэнта № 18. Нагадаем, ён быў прыняты, каб абараніць дзяцей ад бацькоў, што злоўжываюць алкаголем і не выконваюць свае абавязкі. На разгляд выканкама быў вынесены адзін аспект Дэкрэта — кампенсацыя бацькамі расходаў, якія патрачаны на ўтрыманне дзяцей у сацыяльных установах.

Зоя Фаміна, намеснік старшыні райвыканкама, дакладчык па гэтым пытанні, акцэнтавала ўвагу і на набалелыя месцы. З часу рэалізацыі Дэкрэта № 18 абавязанымі асобамі кампенсавана 574038,5 рубля, што складае 43,8% пры абласным паказчыку 52,3%. І ўсё такі сума запазычанасці паступова змяншаецца. У саўгасе імя Машэрава, ААТ «Студзёнка» абавязаным асобам даюць магчымасць працаваць на больш высокааплатных месцах. Гэту практыку мяркуецца пашыраць. Любое намаганне абавязаных асоб вярнуцца да актыўнага жыцця ў соцыуме, вярнуць дзяцей у сям’ю знаходзіць актыўную падтрымку ў прадстаўнікоў улады.
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ