У інтарэсах сям’і і гаспадаркі

3Жывёлагадоўля з’яўляецца найважнейшым фактарам умацавання эканомікі сельгасарганізацый. Атрымаць высокапрадукцыйную жывёлу можна толькі пры правільным падыходзе да яе вырошчвання і ўтрымання.

Мікалай Прыстаўка працуе аператарам па адкорме буйной рагатай жывёлы ў ААТ «Сінягорскае». Яму даверана больш за 150 бычкоў. За дваццаць гадоў працы ў таварыстве (чатыры з іх — аператарам па адкорме на комплексе «Сінягорскае») мужчына набыў неблагі вопыт і спрактыкаванасць у жывёлагадоўчай справе, якія дапамагаюць яму ў штодзённай дзейнасці. Сам жа Мікалай Леанідавіч лічыць, што гэта не самае галоўнае. Для таго, каб атрымліваць высокія прывагі, неабходна належным чынам карміць і паіць жывёлу, даглядаць яе, сачыць за станам здароўя і своечасова паведамляць пра хваробы ветурачу. Свае службовыя абавязкі аператар імкнецца выконваць добрасумленна. А гадаванцы адчуваюць яго клопат і добра прыбаўляюць у вазе. На адкорме жывёла атрымлівае сянаж, брагу, травяную салому. Сярэднясутачныя прывагі ў 800-1000 грамаў — найлепшы паказчык па гаспадарцы.
— Усё ў нашых інтарэсах, — зазначае Мікалай Прыстаўка, — бо менавіта ад прываг залежыць заробак кожнага з жывёлаводаў, а значыць, дабрабыт нашых сямей і заможнасць роднай гаспадаркі.

Ларыса МУКАМОЛАВА.
НА ЗДЫМКУ: Мікалай Прыстаўка.
Фота аўтара.