Машэраўскім шляхам

Штогод студэнты Віцебскага дзяржуніверсітэта выпраўляюцца ў экспедыцыю па машэраўскіх мясцінах. Сёлета навучэнцы біялагічнага, філалагічнага, матэматычнага, фізкультурнага факультэтаў на чале са старшым выкладчыкам факультэта фізічнай культуры і спорту А.І.Серабраковым наведалі родную вёску Пятра Міронавіча — Шыркі. Адкуль пешшу дайшлі да машканскай школы, дзе вучыўся будучы беларускі лідар. І не проста ішлі. Па дарозе маладыя людзі добраўпарадкоўвалі вайсковыя могілкі. Ужо ў Машканах яны здзейснілі экскурсію па школе, агледзелі экспазіцыю школьнага музея. Сёлета праграма студэнцкага паходу на Сенненшчыну пашы рылася. 

 Дэлегацыя ВНУ наведалася і ў Сянно. Прымалі студэнтаў у сярэдняй школе №2. На сумеснай сустрэчы навучэнцы школы і ўніверсітэта расказалі пра свае навучальныя ўстановы. Упэўнена, для будучых выпускнікоў школы інфармацыя пра ВНУ стала карыснай.

 Удзельнікі школьнага тэатральнага гуртка пад кіраўніцтвам Н.А.Сачнёвай «Першы крок да сцэны» паказалі гасцям спектакль «Пра Фядота-стральца». Затым дзейства перамясцілася ў спартыўную залу, дзе каманды вучняў і студэнтаў паспаборнічалі ў таварыскіх матчах па валейболе і настольным тэнісе. Закончыўся першы дзень візіту танцавальна-забаўляльнай праграмай «Давайце пазнаёмімся».

 На наступны дзень моладзь чакала экскурсія па Сянно, якую для іх правёў настаўнік выяўленчага мастацтва, краязнаўца В.В.Бандарэвіч.

 Па словах кіраўніцтва школы, гэта першы цесны кантакт з віцебскім дзяржуніверсітэтам. Аднак, упэўнены ў школе, супрацоўніцтва неабходна пашыраць. На памяць пра візіт вучні і студэнты абмяняліся сувенірамі. Першыя атрымалі буклет і фільм, прысвечаныя 100-годдзю ВДУ імя П.М.Машэрава, кнігу пра П.М.Машэрава і баскетбольны мяч з аўтографамі ўдзельнікаў экспедыцыі. Другія павезлі з сабой буклеты аб гістарычных славутасцях нашай Сенненшчыны і добрыя ўспаміны.

Вольга Бандарэвіч.