Пашавы перыяд утрымання буйной рагатай жывёлы пачаўся ў ААТ «Белая Ліпа»

12У ААТ «Белая Ліпа» пачаўся пашавы перыяд утрымання буйной рагатай жывёлы. На зялёныя кармы перавялі цялушак перадзлучнога ўзросту, што ўтрымліваюцца на ферме вёскі Меліхава. Пакуль што жывёла пасецца толькі ў светлы перыяд сутак.

Статак налічвае 123 галавы і знахо­дзіцца пад прыглядам трох пастухоў. Перад пачаткам пашавага перыяду частку жывёлы забралі на суседнюю ферму пад асемяненне. Адначасова гурт папоўніўся маладняком. Валерый Бондараў, Васіль і Анатоль Люцікавы працуюць у полі з 8 да 18 гадзін. На ноч жывёлу заганяюць у хлеў, раздаюць кармы.

— Травы на пашы яшчэ малавата, таму дзённы рацыён цялушак папаўняецца на ноч сенам, саломай, брагай, — расказалі жывёлаводы. — Зразумела, на такіх кармах высокіх прываг, як зімой, калі цялушкам давалі якасны сянаж з канюшыны, сена, камбікорм, не атрымаеш.

Мае субяседнікі разумеюць, што праблема носіць часовы, сезонны характар. Аднак недахоп кармоў прагназуема зменшыць іх заробак. Не менш жывёлаводаў турбуе той факт, што яны да гэтага часу не ведаюць, як будзе рабіцца аплата працы  ў пашавы перыяд. І, калі недахоп кармоў, яны расцэньваюць, як непазбежнасць, то ўмовы аплаты працы людзям абавязаны былі растлумачыць. Інакш чакаць, не тое што высокіх вытворчых паказчыкаў, належных адносін да працоўных абавязкаў, не варта.

Наш кар.

НА ЗДЫМКУ: (злева направа) жывёлаводы ААТ «Белая Ліпа» Васіль Люцікаў, Анатоль Люцікаў і Валерый Бондараў.