У саўгасе імя Машэрава прайшоў семінар для кіраўнікоў і спецыялістаў сельгасарганізацый

2У раёне пачалася масавая сяўба зерневых культур. Па стане на 8 красавіка імі было занята 336 га. А напярэдадні для кіраўнікоў і спецыялістаў сельгасарганізацый быў арганізаваны семінар. Ён прайшоў у саўгасе імя Машэрава, гаспадарцы, дзе першымі пачалі сеяць зерневыя культуры, рапс, актыўна вядуць іншыя палявыя работы.

Пакуль едзем па палявой дарозе да месца збору запрошаных на вучобу, на вочы трапляюцца засеяныя палеткі, тэхніка, што апрацоўвае зямлю. На ўчастку, дзе пасеяны яравы рапс, глеба прыкатваецца каткамі, напоўненымі вадой. І над кожным трактарам — клубы пылу.

 Атрымалася як заўжды

Удзел у семінары прымаў старшыня райвыканкама Васілій Чараднік. Перад пачаткам вучобы ён правёў невялікую нараду, у якой быў прааналізаваны ход палявых работ. Як заўжды ў сваіх ацэнках кіраўнік раёна быў крытычным.

— Нават у саўгасе імя Машэрава не вядзецца ўвесь комплекс палявых работ. Нізкая выпрацоўка на адзінку тэхнікі ў іншых гаспадарках, якія пачалі палявыя работы. Не кажучы пра ААТ «Пурплева», «Сенненскі райаграсэрвіс», КУСГП імя Гараўца, дзе трактары ў поле фактычна яшчэ не выходзілі, — выказаў сваю заклапочанасць Васілій Чараднік.

У многіх гаспадарках значная частка тэхнікі не гатова выйсці ў поле. Зразумела, грошай на рамонт не хапала. Але на гэтыя мэты толькі з раённага бюджэту выдаткавана каля 2 млрд рублёў. Даволі распаўсюджаны факты, калі трактары, іншая сельскагаспадарчая тэхніка выходзіць са строю пасля некалькіх гадзін працы. Антаніна Сунцеева, намеснік начальніка райсельгасхарча, віну за гэта ўсклала на галоўных аграномаў.

— Вы падпісвалі акты аб гатоўнасці тэхнікі, — падкрэсліла яна.

Была заслухана справаздача асобных кіраўнікоў і спецыялістаў сельгасарганізацый, у прыватнасці, галоўнага інжынера ААТ «Белая Ліпа» Васілія Кішковіча. У сельгасарганізацыі з двух энерганасычаных трактароў Беларус-3022 працуе толькі адзін, з пяці Беларусаў-1221 — не адрамантавы ні адзін.

Сітуацыя аднак…

Сёлета пад яравыя культуры адведзена 23858 га зямлі, пад зерневыя і зернебабовыя — 13545 га. На плошчы каля 16 тыс. га глеба яшчэ не ўзнята. Гэтую работу важна весці паскоранымі тэмпамі. Як і падкормку азімых культур, ва ўсякім разе, зерневых, бо яны добра перазімавалі.

— Пачынайце з лепшых пасеваў, яны першымі пусціліся ў рост, — наказвала Антаніна Сунцеева. Да такой жа тактыкі падштурхоўвае недахоп азотных угнаенняў. Праўда, яны, а таксама калійныя, фосфарныя пакрысе пачынаюць паступаць.

А вось спяшацца з падкормкай азімага рапсу не варта. Значная частка яго пасеваў загінула. Таму давядзецца павялічваць плошчы пад яравы. І як мага хутчэй. Спазненне з тэрмінам сяўбы прывядзе да страты ўраджаю, пазбавіць буйную рагатую жывёлу кармоў з высокім утрыманнем бялкоў.

А тым часам надвор’е дазваляе весці сяўбу ўсіх культур. Пры ранніх тэрмінах сяўбы, што спецыялісты раяць павышаць норму высеву.

Апошнім часам запасы паліва ў сельгасарганізацыях павялічыліся, як мінімум, да трох дзён. Аднак гэта не азначае, што салярку, бензін не трэба эканоміць. Наадварот, кантроль за выкарыстаннем паліва павінен быць татальным. Сачыць трэба і за выхадам на лінію тэхнікі, вяртаннем яе з поля, захаваннем тэхналагічных патрабаванняў пры правядзенні кожнага агратэхнічнага прыёму.Дабівацца пастаўленай мэты трэба выкарыстоўваючы ўсе даступныя спосабы. Увагу кіраўнікоў сельгасарганізацыі  звярнулі на стварэнне належных умоў працы для ўдзельнікаў палявых работ. У сувязі з тым, што рабочы дзень пачынаецца ў 6.00, належыць арганізаваць двухразавае гарачае харчаванне. Дзе магчыма, работа павінна весціся ў дзве змены.

Удзельнікам семінара нагадалі, як праводзіцца рэгуліроўка глебаапрацоўчай тэхнікі: плугоў, культыватараў, пасяўных агрэгатаў. У якасці кансультантаў выступілі выконваючы абавязкі дырэктара вучэбна-вытворчага камбіната райсельгасхарча Васілій Максімовіч, майстар вытворчага навучання Аляксандр Ганчарэнка, дырэктар ВДМС Валерый Кучко, галоўны аграном саўгаса імя Машэрава Аляксандр Мельнікаў. У многіх гаспадарках тэхніка дапрацоўваецца мясцовымі ўмельцамі. У прыватнасці, быў прадэманстраваны пасяўны агрэгат, дзе выкарыстоўваюцца дадатковыя ўзрыхляльнікі глебы, устаноўленыя за коламі сеялкі, загартачы, што павышае якасць задзелкі насення.

— Кожны крок на сёлетняй сяўбе павінен быць прадуманым. Пры фарміраванні структуры пасяўных плошчаў трэба арыентавацца на дзяржзаказ, у астатнім аддаваць перавагу зернебабовым, зерневым культурам, якія даюць на нашых землях найвышэйшы ўраджай, — гэты пасыл з вуснаў Васілія Чарадніка, не выклікае ніякіх сумненняў. Як і галоўны ўрок леташняй вясны — сяўба павінна завяршыцца ў лепшыя агратэхнічныя тэрміны.

Наш кар.

Фота Аляксандра ЛАЗЮКА.