У Багданаўскім сельсавеце наводзяць парадак на зямлі і ў бюджэце

Значная прыбаўка ў бюджэт

Указ Прэзідэнта  Рэспублікі Беларусь № 21 «Аб павышэнні ролі органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва» дае многія магчымасці для таго, каб мясцовыя бюджэты сельскіх Саветаў з цягам часу станавіліся самадастатковымі. Адна з іх — продаж зямельных участкаў для будаўніцтва  і абслугоўвання жылога дома, вядзення прысядзібнай падсобнай гаспадаркі.

 Не так даўно Багданаўскім сельскім Саветам дэпутатаў быў сфарміраваны для продажу зямельны ўчастак у вёсцы Чырвоны Прамень плошчай 0,25 га з пачатковым коштам 143 тысячы рублёў.

 Участак размешчаны недалёка ад райцэнтра і амаль на беразе Багданаўскага возера. Таму на розыгрыш «курортнага» лота з’явіліся тры прэтэндэнты. У выніку аўкцыёну ўчастак быў прададзены больш як за 12,5 мільёна рублёў. Плюс уладальнік лота пакрые расходы сельскага Савета, панесеныя на арганізацыю аўкцыёну і фарміраванне ўчастка ў суме 952 тысячы рублёў. Гэта значная прыбаўка ў бюджэт сельскага Савета. На выручаныя ад аўкцыёну грошы мясцовая ўлада разлічвае адрамантаваць пад’езды да грамадзянскіх могілак вёсак Гарадзец і Лук’янава.

Прыехалі і родзічы

Як паведамлялася раней, старшыня Багданаўскага сельскага Савета дэпутатаў Віктар Сямёнавіч Мурашкевіч і  старэйшына вёскі Поўзікі Валянціна Сцяпанаўна Міцкевіч аб’явілі суботнік па навядзенні парадку на мясцовых могілках. Паведамілі аб гэтым у «раёнцы» і  заклікалі жыхароў вёскі, якія не могуць самі прыняць удзел у работах, запрасіць родзічаў.

  Суботнік адбыўся, у ім прынялі ўдзел 24 чалавекі, у той час як у Поўзіках сёння пражывае пяць грамадзян. Ад сям’і Капежкаў прыехалі працаваць шэсць чалавек. З Віцебска і Сянно прыбылі родзічы Хрытановічаў, з Сянно і Багушэўска — Дударавых.

  Выкананы  даволі значны аб’ём работ.

  Старшыня сельвыканкама В.С.Мурашкевіч ад сябе асабіста і ад імя старэйшыны вёскі В.С.Міцкевіч падзякаваў усім, хто аддаў даніну памяці і павагі сваім блізкім людзям, якія пахаваны на сельскіх могілках ў Поўзіках.

 Адрамантавалі агароджу

У верасні-кастрычніку выканкам сельскага Савета набыў 200 жалезабетонных слупкоў і арганізаваў рамонт агароджы агульнай працягласцю 600 пагонных метраў у вёсках Багданава і Ульянавічы.

 Сіламі работнікаў Багданаўскага ўчастка РУП ЖКГ у вёсцы Турава праведзены работы па высечцы хмызняку і ўборцы іншай дзікай расліннасці.