Тэхнік-асемянатар — незаменны спецыяліст на ферме

IMG_3226Штучнае асемяненне — не толькі аснова селекцыі, але і самы прадукцыйны метад развядзення сельскагаспадарчых жывёл, а тэхнік-асемянатар — незаменны спецыяліст на ферме.

У СУП «Саўгас імя Машэрава» Надзея Цыпляк лічыцца адным з лепшых тэхнікаў-асемянатараў. Асноўны яе службовы абавязак — узнаўленне сельскагаспадарчых жывёл. Пачынала жанчына працаваць на свінагадоўчым комплексе. Неаднойчы прымала ўдзел у абласных прафесійных конкурсах, спаборніцтвах. У сувязі з пагрозай распаўсюджвання афрыканскай чумы свінапага­лоўе ў сельгаспрадпрыемстве было ліквідавана. На­дзея Сяргееўна закончыла месячныя курсы пры Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны і перайшла тэх­нікам па штучным асемяненні ка­роў і цялушак. Цяпер на яе абслугоўванні знахо­дзіцца 500 галоў буйной рагатай жывёлы на малочнатаварных фермах «Машканы» і «Ярошкі».

Як расказала галоўны заатэхнік сельгаспрадпрыемства Тамара Замасціновіч, менавіта тэхнік-асемянатар адказвае ў гаспадарцы за працэс узнаўлення  па  статку і ад яго ў мно­гім залежыць выт­вор­часць малака, атры­ман­не прыплоду. Але для таго, каб атрымаць станоўчы рэзультат, неабходна строга прытрымлівацца тэхналогіі, старацца да мінімуму зменшыць ялавасць кароў і выбыццё высокапрадукцыйнага дойнага статка па прычыне гінекалагічных хвароб. Пасля расцёлу кароў па некалькі разоў на дзень неабходна праводзіць іх агляд. Акрамя таго, трэба весці што­дзённыя назіранні за жывёлай. Уся неабходная інфармацыя аб жывёле (калі яна была асеменена, як расцялілася) абавязкова заносіцца ў спецыяльныя журналы.

— Пра важкі ўклад тэхніка-асемянатара ў развіццё жывёлагадоўлі гаспадаркі можна меркаваць па многіх параметрах, — паясняе Тамара Іванаўна. — Але найбольш яскравым пацвярджэннем вынікаў яго працы з’яўляецца высокі выхад цялят. У На­дзеі Цыпляк, у прыватнасці, ён складае 100%.

Сама Надзея Сяргееўна адзначае, што ў яе рабоце шмат памочнікаў, — у сельгас­прадпрыемстве працуюць выдатныя спецыялісты. Жанчына цесна супрацоўнічае і з заатэхнікамі, і з ветурачамі.

— Адчуваеш асаблівае задавальненне, калі ў рабоце ўсё атрымліваецца, — з усмешкай працягвае жанчына. — Можа ў мяне, як кажуць, рука лёгкая.

Гледзячы на гэтую прыгожую, абаяльную жанчыну, адразу і не скажаш, што яна валодае такой не рамантычнай, і, нават, мужчынскай прафесіяй. З віду — гарадская жыхарка. І аказалася, што мы не памыліліся. Трыццаць гадоў назад Надзея разам з мужам пераехала ў Машканы з Віцебска. Абое закончылі швейнае вучылішча. Яна атрымала спецыяльнасць швачкі, ён — слесара-рамонт­ніка па абслугоўванні швейных машын. Як вядома, самае вострае пытанне горада — пытанне жылля —  у сельскай мясцовасці вырашаецца прасцей. Так яны апынуліся ў Машканах. Вырасцілі сына і дачку, зараз маюць дваіх унукаў. Аб тым, што пераехалі ў аграгарадок, сужэнцы ніколі не пашкадавалі.

Ларыса МУКАМОЛАВА.

 НА ЗДЫМКУ: тэхнік-асемянатар СУП «Саўгас імя Машэрава» Надзея Цыпляк.