Памяць землякоў, якія загінулі ў Афганістане, ушанавалі ў Сенненскім раёне

1zviuZhkUrI9 гадоў, 1 месяц і 18 дзён доўжылася спецаперацыя савецкіх войскаў у Афганістане. Сёлета споўнілася 27 гадоў з дня заканчэння гэтай вайны. Цяпер яна ўжо гісторыя, пра якую знята шмат фільмаў, напісана кніг. Але сведкі тых падзей жывуць і працуюць побач з намі і ўжо паспелі вырасціць сваіх дзяцей… Нямала і тых, хто не вярнуўся з той «незразумелай» вайны. Сенненшчына не далічылася чатырох сваіх сыноў.

Традыцыйна 15 лютага адзначаецца Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. У нашым раёне таксама ўшанавалі памяць землякоў, якія загінулі ў Афганістане. На месцах пахавання воінаў-афганцаў прайшлі мітынгі-рэквіемы з ускладаннем вянкоў і кветак. Групы ў складзе прадстаўнікоў улады, грамадскіх аб’яднанняў наведалі магілы сенненцаў-афганцаў.

Афганістан для большасці пачынаўся з аэрапорта, ім і заканчваўся. Каму шанцавала, —  ішоў па ўзлетнай паласе, удыхаючы поў­нымі грудзьмі паветра Ра­дзімы. Цяжка параненых дастаўлялі ў Саюз «грузам 300″, загінуўшых —»грузам 200».

 У 1980 годзе сенненец Віктар Русачэнка скончыў восем класаў Какоўчынскай школы, у 1983 — Аршанскае ПТВ №10, працаваў цесляром на будоўлі ў Новалукомлі. У гэтым жа го­дзе прызваны ў рады Узброеных Сіл, а ў 1984-м накіраваны ў Афганістан. Радавы Русачэнка загінуў праз год ад куляметнага ранення, атрыманага пры выкананні воінскага абавязку.

 Аддаць даніну павагі на могілкі ў в.Івашкава Какоўчынскага сельсавета, дзе пахаваны Віктар Русачэнка, прыехалі Уладзімір Бяляцкі, першы сакратар раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі, Карым Хасанаў, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане», галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алеся Лавіцкая. Пранікнёныя вершы дэкламавалі ля магілы свайго земляка вучні Какоўчынскай ДССШ. Удзел у мітынгу прыняло і кіраўніцтва сельвыканкама.

Далейшы шлях групы ляжаў у в. Магілёўка Багушэўскага сельсавета, дзе на мясцовых могілках пахаваны Аляксандр Галькевіч. У 1983-м ён скончыў школу рабочай моладзі, курсы трактарыстаў, быў прызваны ў армію. У Афганістане служыў кулямётчыкам. Радавы Галькевіч загінуў у 1984-м пры выкананні баявога задання.

Хвіліны маўчання, чуллівыя вершы пра афганскую вайну ў выкананні вучняў багушэўскіх школ смуткам і журбой адбіва­ліся ў сэрцах удзельнікаў мітынгу-рэквіема.

Шмат гадоў Аляксандр Звярковіч з в.Маргойцы Бе­ліцкага сельсавета лічыўся зніклым без вестак. Ён прапаў у сака­віку 1984 года. Пазней з’яві­лася інфармацыя, што радавы Савецкай Арміі Аляксандр Звярковіч патрапіў у палон, утрымліваўся ў турме цэнтра падрыхтоўкі ма­джахедаў Бадабер на тэрыторыі Пакістана. 27 красавіка палонныя ўзнялі паўстанне, раз­зброілі ахову, захапілі вялізны арсенал уз­браення і далі бой. Дадому сенненец Звярковіч так і не вярнуўся. Летась на доме, дзе нарадзіўся і жыў Аляксандр, усталявалі інфармацыйна-памятную дошку.

iz-AbT2EuFU

Яшчэ адна група прадстаўнікоў улады і грамадскіх аб’яднанняў ушаноўвала ў той дзень памяць Васіля Стаселькі, які пахаваны ў вёсцы Стрыгі Машканскага сельсавета.

 Шэраг мерапрыемстваў у гонар землякоў-афганцаў прайшоў у школах раёна.

Улада не пакідае без увагі тых, для каго Афганістан стаў горкім адбіткам у лёсе. Рашэннем райвыканкама прадугледжана выплата аднаразовай матэрыяльнай дапамогі маці загінуўшага пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку Соф’і Звярковіч і ветэрану баявых дзеянняў Сяргею Дзябольскаму.

v69Z1rULyng

Завяршыліся ўрачыстасці святочным мітынгам каля парку Трох Герояў у Сянне, дзе ўсталяваны бронетранспарцёр — помнік воінам-інтэрнацыяналіс­там.

 Прайшло 27 гадоў, як апошнія савецкія салдаты пакінулі межы чужой паўднёвай краіны. Але для тых, хто прайшоў пекла Афгана, гэта вайна застанецца ў памяці, у сэрцы назаўсёды.

Ірына ХАСАНАВА.

SvR3qul-FgA

QlbwDbFmfBg

OL4eHeSqMCs

iza8EWsETaU

5K8zqv-BUjc

P.S.  На днях на адрас рэдакцыі прыйшоў ліст з Расіі, у якім  Саюз ветэранаў Афганістана Кіраўскай вобласці выказаў падзяку за ўвекавечванне памяці Аляксандра Звярковіча.