Вольга Сідзін — жывёлавод вопытны

беленево 2Вольга Сідзін — жывёлавод  вопытны. Стаж яе работы ў галіне налічвае 20 гадоў, і ўвесь гэты час яна нязменна працуе загадчыцай малочнатаварнай фермы (МТФ) «Бяленева».

Адказнасць на брыгадзіра ўскладзена вялікая. Патрэбна клапаціцца аб вытворчасці малака, павышэнні надояў,  быць выхавацелем, арганізатарам, падтрымліваць дысцыпліну ў калектыве.

— Калі не патрабаваць, то ніякай карысці не будзе. Мае  падначаленыя добра ведаюць, што я не адступлюся, пакуль пастаўленая задача не будзе выканана, — адзначае спецыяліст. — Ды і абаперціся мне ёсць на каго, бо многія працуюць сумленна і старанна.

Калектыў МТФ вялікі — на ферме заняты больш трыццаці чалавек. І да кожнага трэба знайсці падыход, падабраць ключык, каб работа ладзілася.

Кажучы пра асаблівасці працы аператараў машыннага даення, Вольга Віктараўна адзначае, што без строгага захавання рэжыму і тэхналогіі даення не будзе надояў і адпаведнай якасці малака.

— Перад пачаткам дойкі трэба памыць вымя кожнай рагулі, — расказвае жанчына, — апрацаваць яго і выцерці аднаразовай сурвэткай. Першыя струменьчыкі малака здойваюцца ў спецыяльны посуд, каб выявіць мастытных жывёл. Малако, атрыманае ад адной мастытнай ці нядбайна апрацаванай каровы, можа сапсаваць усю прадукцыю. Таму на ўсіх этапах дойкі неабходна пільна сачыць за санітарыяй.

Рэканструкцыя памяшканняў фермы, праве­дзеная ў 2007 годзе, палепшыла ўмовы працы жывёлаводаў, а таксама ўмовы ўтрымання жывёлы. У малочным блоку ўстанавілі халадзільнік закрытага тыпу. Абсталяванне малочнай лабараторыі папоўнілася новымі  прыборамі для якаснага правя­дзення аналізаў. На раздачы кармоў цяпер задзейнічаны кормараздатчыкі. Ручной працы засталося мала…

Сёння на МТФ «Бяленева» ўтрымліваюцца 704 галавы буйной рагатай жывёлы, з іх 204 складаюць  дойны статак. За мінулы год тут надаілі па 4404 кілаграмы малака ў разліку на кожную фуражную карову. Канешне, надоі не надта вялікія, але калі параўноўваць з папярэднім годам, тут ёсць прыбаўка малака на 312 кілаграмаў. Сама загадчыца настройвае сваіх падначаленых на большыя вытворчыя здабыткі. І гэта заканамерна, бо толькі пастаянна рухаючыся наперад, можна дабівацца неабходных рэзультатаў.

Ферма працуе ў рэжыме трохразовай дойкі. Гэта значыць, што кожную раніцу ў пяць гадзін аператарам машыннага даення трэба быць на працоўным месцы. У поўдзень пачынаецца другая дойка, у шэсць гадзін вечара — трэцяя. Вось і атрымліваецца, што на працы даводзіцца быць ледзь не круглыя суткі.

Акрамя работы ў сельгаспрадпрыемстве, у жанчыны шмат клопатаў і па ўласнай гаспадарцы. Сям’я Сідзін трымае карову, парсюкоў, апрацоўвае агарод. Але пры жаданні заўсёды можна знайсці час на адпачынак.

Вольга Віктараўна, калі надаецца вольная хвіліна, любіць  пачытаць мастацкую літаратуру, перыё­дыку. Раённае выданне «Голас Сенненшчыны» чытае «от корки до корки».

— Нават дзіўна было б не цікавіцца тым, што адбываецца ў раёне, у жыцці землякоў. Атрымаўшы «раёнку», я спачатку шукаю артыкулы, прысвечаныя жыццю вяскоўцаў, сельскай гаспадарцы, абавязкова праглядаю зводку сельскагаспадарчай вытворчасці. Мне наогул падаецца, што ў «Голасе Сенненшчыны» кожны знойдзе для сябе штосьці цікавае і карыснае.

 Ларыса МУКАМОЛАВА.

 НА ЗДЫМКУ: Вольга Сідзін, загадчыца МТФ «Бяленева».

 Фота аўтара.