Лепшыя музыканты Беларусі сенненскаму гледачу
Нячаста ў наш горад прыязджаюць вядомыя айчынныя дзеячы культуры. Але калі такое здараецца, то гэта для раёна — знакавая падзея. Такой абяцае стаць і сённяшні канцэрт, які адбудзецца ў вялікай зале Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў.
Сваё майстэрства сенненцам прадставяць лаўрэаты шматлікіх міжнародных конкурсаў, стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Павел Дараганаў (баян), дуэт «Экспрэсія» ў складзе Аляксея і Ірыны Дараганавых (акардэон, баян) і Юлія Дараганава (баян). Вядомасць гэтай творчай сям’і выходзіць далёка за межыроднай Беларусі. Усе яны — вучні аднаго з мацнейшых педагогаў Акадэміі музыкі Мікалая Сеўрукова. Дарэчы, выкладчыка выбітнага баяніста свету Уладзіслава Плігаўкі. Дараганавы сёння знаходзяцца ў ліку лепшых музыкантаў Беларусі і Еўропы. У іх рэпертуары — творы беларускіх, рускіх, замежных кампазітараў.
Многія з іх пачуюць наведвальнікі сённяшняй музычнай імпрэзы. Уваход платны. Але 3 тысячы рублёў (столькі каштуе білет) — невялікая плата за магчымасць дакрануцца да высокага мастацтва.
Вольга Бандарэвіч.