Ідэолагі фарміравалі карпаратыўную культуру
На базе перапампоўваючай станцыі «Сянно» прайшоў семінар з адказнымі за ідэалагічную работу па тэме «Фарміраванне карпаратыўнай культуры і яе ўплыў на вытворчыя паказчыкі прадпрыемства».
Начальнік ПС «Сянно» В.І.Сакалоўскі правёў азнаямленчую экскурсію па прадпрыемству. Удзельнікі мерапрыемства паглядзелі слайды і здымкі, дзе былі паказаны асноўныя моманты дзейнасці арганізацыі.
ПС «Сянно» была здадзена ў эксплуатацыю ў маі 1974 года. Асноўны від дзейнасці — аказанне транспартных паслуг па дастаўцы дызельнага паліва. У цяперашні час станцыя абслугоўвае магістральны трубаправод агульнай працягласцю 324 км, які праходзіць па тэрыторыі Касцюковіцкага, Клімавіцкага, Крычаўскага, Мсціслаўскага, Дрыбінскага, Горацкага, Шклоўскага раёнаў Магілёўскай вобласці і Аршанскага, Талачынскага, Сенненскага, Бешанковіцкага раёнаў Віцебскай вобласці.
Асноўным напрамкам ідэалагічнай работы на прадпрыемстве з’яўляецца згуртаванне працоўнага калектыву. Стварэнне спрыяльнага маральна-псіхалагічнага клімату, выхаванне пачуцця адказнасці кожнага работніка садзейнічаюць поспеху работы прадпрыемства. У межах фарміравання карпаратыўнай культуры на ПС «Сянно» дзейнічае закон дзелавой этыкі (ветлівыя і карэктныя адносіны паміж работнікамі, узаемаразуменне і супрацоўніцтва на аснове павагі да асобы). Вялікая ўвага надаецца прафесійнаму ўдасканальванню. З пачатку года прафесійную падрыхтоўку для атрымання кваліфікацыі прайшлі 10 работнікаў. Сістэмы маральнага і матэрыяльнага стымулявання гарантуюць, што ў добрасумленнага працаўніка заўсёды будзе дастойны заробак. Вельмі важны псіхалагічны і эмацыянальны стан работнікаў, які ў многім залежыць ад аб’ектыўнай ацэнкі іх працы. Лепшыя заносяцца на Стэнд гонару станцыі, узнагароджваюцца граматамі і заахвочваюцца матэрыяльна. Удзяляецца ўвага аздараўленню персаналу. З пачатку года прайшлі аздараўленне ў санаторыях і пансіянатах Крыма 33 чалавекі. Дзеці адпачываюць у аздараўленчым лагеры на Азоўскім моры. Аказваецца сацыяльная падтрымка мнагадзетным сем’ям, работнікам, якія маюць дзяцей-інвалідаў, жанчынам, якія знаходзяцца ў водпуску па догляду дзіцяці, пенсіянерам. Распрацоўваюцца мерапрыемствы па ахове працы, праводзяцца пазачарговыя інструктажы з мэтай папярэджання няшчасных выпадкаў на прадпрыемстве. Адным з накірункаў фарміравання карпаратыўнай культуры з’яўляецца арганізацыя фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай работы. Калектыў з’яўляецца пастаянным прызёрам раённых мерапрыемстваў і пераможцай спартакіяд. Арганізатар і натхніцель усіх масавых мерапрыемстваў кантралёр КПП В.В.Лыскоў. Сярод пастаянных удзельнікаў спартыўных мерапрыемстваў А. П. Бакуноў, А. В.Пашкоўскі, С.А.Салдаценка і многія іншыя.
Маладыя работнікі станцыі прымаюць удзел у навукова-тэхнічных канферэнцыях ААТ «Паўднёва-захадтранснафтапрадукт». Інжынер І.А.Падалінскі па выніках І тура заняў 2-е месца і будзе ўдзельнічаць у навукова-тэхнічнай канферэнцыі ў Маскве.
Арганізуюцца экскурсійныя паездкі. Работнікі станцыі ўжо пабывалі ў Кіеве, Смаленску, Санкт-Пецярбургу, Полацку, Нясвіжы і многіх іншых гарадах.
Ад таго, як будзе арганізавана наша праца, якімі будуць унутрыкалектыўныя адносіны, у многім залежаць вынікі і канкурэнтаздольнасць любога прадпрыемства, адзначыў падчас свайго выступлення начальнік ПС «Сянно» В.І.Сакалоўскі.
Падзяліліся вопытам работы па павышэнні матывацыі працоўнай дзейнасці адказныя за ідэалагічную работу ЦБП №218 філіяла №200 ВАУ ААТ «АСБ Беларусбанк» Т.П.Гарнак і СВК «Бяленева» В.В.Парэпка. Аб арганізацыі прафілактычнай работы ў працоўных калектывах расказалі пракурор раёна А.В.Курчанаў і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама А.І.Волк. Упрыватнасці, было адзначана, што трэба актывізаваць работу грамадскіх фарміраванняў, кіраўнікоў працоўных калектываў па прафілактыцы п’янства, злачынстваў і правапарушэнняў. Работа павінна праводзіцца ў адпаведнасці з Законам «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў» . На кожным прадпрыемстве, у арганізацыі, установе павінен быць план па рэалізацыі Закона. З інфармацыйнымі тэхналогіямі ў растлумачальнай рабоце з працоўнымі калектывамі прысутных пазнаёміў начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама С.С.Мяцеліца. Былі вырашаны інекаторыя арганізацыйныя пытанні.
Падвёў вынікі работы семінара старшыня райвыканкама Э.М.Герасіменка. Эдуард Мікалаевіч адзначыў, што работа, якая праводзіцца ў калектывах па абароне працоўных правоў і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў работнікаў, цалкам заслуга кіраўнікоў. Менавіта дзякуючы ім захоўваецца сацыяльна значны пакет ільгот для падтрымкі працуючых.
Удзельнікі запоўнілі экспрэс-анкеты, дзе выказалі свае заўвагі і прапановы па рабоце семінара.
Ларыса
Мукамолава.