Дэпутаты расказалі пра сваю работу

Якасць жыцця людзей у многім залежыць ад работы  дэпутатаў раённага і сельскіх Саветаў. Пастаянна павінна ажыццяўляцца  «жывая сувязь» улады і народа, каб людзі ведалі сваіх дэпутатаў, а  ўлада —  імкненні  насельніцтва. На апошняй сесіі раённага Савета дэпутаты зрабілі справаздачы аб сваёй дзейнасці.

 В.М.Бараноўскі, старшыня Студзёнкаўскага сельскага Савета, дэпутат раённага Савета:

 — Заўсёды трэба памятаць, што аўтарытэт  дэпутата павышаецца праз яго работу з людзьмі, рашэнне праблем, якія хвалююць выбаршчыкаў.

 Абсалютная большасць дэпутатаў Студзёнкаўскага  сельскага Савета  дэпутатаў добрасумленна выконваюць свае абавязкі, унікаюць у істотныя праблемы людзей, прымаюць актыўны ўдзел у іх рашэнні, актыўна ўдзельнічаюць у рабоце сесій, узаемадзейнічаюць з сельскім выканаўчым камітэтам. Праблемы належным чынам можна вырашаць толькі ў тым выпадку, калі на высокім узроўні развіта самакіраванне. Сістэма мясцовага самакіравання — гэта мясцовыя Саветы дэпутатаў і старэйшыны. У 2010 годзе ў Студзёнкаўскім сельскім Савеце абрана 26 старэйшын. Старэйшына — гэта  і мясцовая «гарачая  лінія»,  і  «хуткая дапамога», праваднік, які даводзіць да насельніцтва інфармацыю пра ўсё, што адбываецца ў грамадстве, у раёне, у сельсавеце. Гэта нераўнадушныя да лёсу свайго населенага пункта, яго жыхароў людзі. У бягучым годзе старэйшынамі Е. П. Васілеўскай і Ю. А. Шадуйкісам былі ўнесены прапановы аб перайменаванні вуліц населеных пунктаў Студзёнкаўскага сельсавета. У гонар  65-й  гадавіны Перамогі было прынята рашэнне аб   перайменаванні вуліцы Цэнтральная ў аграгарадку Студзёнка на вуліцу  імя  Аніськіна (Герой Савецкага Саюза, які загінуў у Студзёнцы) і вуліцы Цэнтральная ў н.п. Алексінічы на вуліцу Партызанская.

 У Студзёнкаўскім сельскім Савеце дэпутатаў вядзецца работа па павышэнні якасці сацыяльных стандартаў,  забеспячэнні насельніцтва і сацыяльна важных аб’ектаў стацыянарнай тэлефоннай сувяззю.   Населеныя пункты СВК «Студзёнка» поўнасцю тэлефанізаваны. Цяпер праводзіцца замена тэлефоннай станцыі СВК «Сінягорскае».

 Паслядоўна ажыццяўляецца рэалізацыя  Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 лютага 2006 года № 70 «Аб мерах па  ўпарадкаванні пустуючых і старых дамоў з гаспадарчымі пабудовамі ў сельскай мясцовасці». У 2010 годзе па сельскаму Савету было выяўлена 12 пустуючых дамоў. Яны  прыведзены ў належны парадак. Старых дамоў  выяўлена 10, знесена 5 (2 — за кошт  сродкаў дзяржбюджэту).

  Актыўна вядзецца работа па перадачы  зямель сельсавета ў севазварот сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў. З зямель Студзёнкаўскага сельскага Савета ў 2010 годзе сельгаскааператывам перададзена 34 гектары  і плануецца перадаць яшчэ 75,5 гектара. Праз аўкцыёны прададзены 3 свабодныя ўчасткі на суму  4 млн 910 тыс. руб. У рамках мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні населеных пунктаў  сельскім Саветам у бягучым годзе ўжо асвоена 19 млн руб.

 Асаблівая  ўвага ўдзяляецца сацыяльнай абароне насельніцтва. Пастаянна абследуюцца ўмовы жыцця ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, інвалідаў, адзінокіх і адзінока пражываючых. Актывізавалася работа па прафілактыцы п’янства і правапарушэнняў.

 Яшчэ трэба шмат зрабіць па  ўдасканальванні форм і метадаў работы органаў самакіравання, каб сістэмна, аператыўна рашаць жыццёва важныя пытанні ў інтарэсах насельніцтва нашага раёна.

 В. М. Дзергачоў, галоўны спецыяліст па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў:

 — Дэпутат мясцовага Савета дэпутатаў прадстаўляе інтарэсы тых грамадзян, якія яго абралі. Чаму людзі са сваімі праблемамі звяртаюцца ў райвыканкам, а не ідуць да дэпутата? Напэўна, таму, што мы мала працуем з выбаршчыкамі, асабліва па гораду Сянно. Нас у горадзе дзевяць дэпутатаў. Усе пры пасадах, маем паўнамоцтвы як дэпутацкія, так і службовыя, таму можам аказаць  патрэбную дапамогу людзям. Давер выбаршчыкаў — гэта станоўчы імідж у цэлым раённай улады і нас, дэпутатаў. Выбаршчыкі павінны  быць упэўнены, што ў акрузе ёсць чалавек, здольны абараніць іх правы і інтарэсы.

 2010 год аб’яўлены Годам якасці. А значыць, работа з людзьмі стала прыярытэтнай задачай на месцах.

 А.Л. Хізавец, старшы інспектар інспекцыі  пажарнага нагляду  Сенненскага РАНС, дэпутат раённага Савета дэпутатаў:

 — У бягучым годзе на тэрыторыі Сенненскага раёна склалася  складаная абстаноўка з пажарамі і гібеллю людзей на іх. Сёння на тэрыторыі раёна зарэгістраваны 54 пажары, на  якіх загінулі 11 чалавек. Матэрыяльны ўрон склаў больш за 170 млн рублёў. 24 пажары адбыліся па віне асоб, якія знаходзіліся ў нецвярозым стане. Найбольшая колькасць пажараў адбылася на тэрыторыях Сту­дзёнкаўскага  (10 пажараў, загінулі 2 чалавекі) і Машканскага   (9 пажараў, загінулі 4 чалавекі) сельсаветаў. У мэтах папярэджання пажараў і гібелі на іх людзей у жыллёвым фондзе праводзіцца растлумачальная работа сярод жыхароў па захаванні правіл пажарнай бяспекі. У кожным сельскім выканаўчым камітэце створаны назіральныя камісіі, групы пазаштатных пажарных інспектараў па абследаванні домаўладанняў грамадзян. За прайшоўшы перыяд года членамі назіральных камісій абследавана больш за 5000 жылых дамоў, праінструктавана аб мерах пажарнай бяспекі больш за 9000 чалавек.

 У 2010 годзе ў 372 домаўладаннях грамадзян устаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Дзесяць  домаўладанняў мнагадзетных сем’яў, дзе выхоўваюцца пяць і больш дзяцей, абсталяваны апавяшчальнікамі з вывадам сігнала на  фасады будынкаў. У 32 домаўладаннях грамадзян аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі аб’яднаны паміж сабой у адзіную сетку.