Дом для адзінокіх сэрцаў

ОКП 1    На Сенненшчыне нямала вёсак, у якіх дажываюць свой век старыя — два, тры, пяць чалавек на ўсё, некалі вялікае, сяло. На жаль, многія з іх на схіле гадоў пазбаўленыя клопату блізкіх. Прычыны адзіноцтва розныя. У кагосьці няма дзяцей, нашчадкі ж іншых жывуць далёка ад бацькоўскага  дому і не маюць магчымасці даглядаць родных. Але дзяржава не пакідае такіх грамадзян без дапамогі. Калі побач не аказалася блізкага чалавека,  выратавальным кругам становіцца  аддзяленне  кругласутачнага  знаходжання.  

Аддзяленне, што размешчана ў аг.Багданава, сёлета адзначыла свой пяцігадовы юбілей. Установа стала родным домам для 29 чалавек. Найстарэйшай з пастаяльцаў, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Лідзіі Пятроўне Шубка, — 95 гадоў.

— За кароткі час існавання аддзялення  мно­гае змянілася, — кажа загадчыца аддзялення На­дзея Васілёнак. — Пашырыўся спектр паслуг і відаў дзейнасці.

І змены гэтыя відавочныя, што называецца, з парогу. Для добраўпарадкавання прылеглай тэрыторыі тут нават распрацавалі цэлы праект, які назвалі «Мінулае — сучаснасць». Устаноўленыя малыя архітэктурныя формы нагадваюць звыклы для большасці насельнікаў сельскі побыт. Летам тэрыторыя патанае ў кветках.     А «сучаснасць», паводле слоў Надзеі Аляксандраўны, і ёсць само аддзяленне, дзе створаны камфортныя ўмовы пражывання, пра якія вясковыя бабулі ды дзядулі ў свой час маглі толькі марыць. Радуюць сучасны інтэр’ер, утульныя пакоі — і ўсё для таго, каб пастаяльцы адчувалі сябе як дома.

Але калектыў установы клапоціцца не толькі пра бытавыя патрэбы сваіх падапечных.

— Вялікая ўвага надаецца рэабілітацыі, — расказвае загадчыца АКЗ. — Сёння гэта адна з галоўных задач аддзялення на шляху да зніжэння захворвання і павелічэння працягласці жыцця нашых насельнікаў.

Прычым тут імкнуцца не проста падоўжыць жыц­цё старых, а зрабіць яго максімальна насычаным і актыўным.

У аддзяленні працуе кабінет рэабілітацыі. На кожнага насельніка, у залежнасці ад дыягназу, распрацаваны індывідуальныя карты рэабілітацыі, па якіх штодня праводзяцца заняткі.

У комплекс рэабілітацыйных паслуг уваходзіць фітабар з багатым выбарам лекавых напояў. Падтрымліваць фізічны стан дапамагаюць разнастайныя масажоры і іншыя сродкі інды­відуальнай рэабілітацыі. Больш таго, работнікі разам з пастаяльцамі аддзялення сваімі рукамі вырабілі так званыя «сцежкі здароўя» для масажу ступняў.

На душэўнае самаадчуванне дабратворна ўплываюць штодзённыя заняткі спевамі.

А ў хуткім часе  з’явіц­ца новая паслуга. У планах аддзялення закупіць спецыяльныя лямпы для правядзення арома- і салянатэрапіі.

Адчуць сваю патрэбнасць і карысць насельнікам дапамагае праграма занятасці, распрацаваная ў аддзяленні. У актыўную дзейнасць уцягнуты практычна ўсе жыхары ўстановы. У якасці працатэрапіі мясцовыя бабулі і дзядулі з задавальненнем удзельнічаюць у добраўпарадкаванні тэрыторыі, зборы лекавых траў, даглядаюць за пакаёвымі раслінамі.

А заняткі ў гуртках па інтарэсах запаўняюць воль­ны час, спрыяюць зносінам і, галоўнае, аб’яднанню лю­дзей. Праца з паперай, прыродным матэрыялам, тканінай, стужкамі, дэкупаж, вязанне кручком і многае іншае — гэта далёка не ўвесь спіс тэхнік, з дапамогай якіх пажылыя людзі ствараюць маленькія шэдэўры рукатворнай прыгажосці. Многія пастаяльцы, прызнаецца Надзея Аляксандраўна, нават не ўяўлялі, што валодаюць такімі талентамі.

Іх вырабы папаўняюць выставы, персанальныя і калектыўныя, што рэгулярна арганізуюцца ва ўстанове.

Вядома, аддзяленне кругласутачнага знахо­джання — гэта не сцены ўласнага дома, і ніхто не заменіць клопату і ўвагі блізкіх людзей. Але адно­сіцца да ўсіх, як да родных бацькоў, — гэта норма і стыль работы супрацоўнікаў аддзялення кругласутачнага знаходжання. Ніхто з пажылых людзей тут не застанецца без увагі.

Падрыхтавала

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

  На здымку: вырабы пастаяльцаў АКЗ.