“Галасок” для нашых дзетак

Мы прэзентуем новую тэматычную старонку. І прысвячацца яна будзе самым маленькім жыхарам раёна. Шчыра кажучы, даўно наспела пара звярнуць журналісцкую ўвагу на нашых дзетак. Што ні кажы, а гэта ці не галоўная катэгорыя насельніцтва, бо за імі ж наша будучыня! І нам, дарослым, трэба прыкласці ўсе намаганні, каб яна, гэтая будучыня, вырасла кемлівай ды разумненькай. «Галасок» дапаможа дзіцяці весела, а галоўнае, з карысцю бавіць вольны час. Вершы, казкі, развіваючыя гульні, рэбусы, маляванкі, конкурсы — малышы, школьнікі знойдуць для сябе шмат цікавага. Хлопчыкі і дзяўчынкі могуць і самі стаць аўтарамі старонкі. Мы толькі «за», каб нашы маленькія чытачы дзяліліся з намі сваімі захапленнямі, уражаннямі, навінамі, творчасцю. Лісты з допісамі, малюнкамі, уласнымі вершамі, апавяданнямі і цікавымі фотаздымкамі можна дасылаць ці прыносіць у рэдакцыю «раёнкі».

 Добрым сябрам у выхаванні дзіцяці, упэўнены мы, стане «Галасок» і для бацькоў. Дзеля  таго будзем змяшчаць на старонцы парады ўрачоў, псіхолагаў, выхавацеляў, настаўнікаў, а мо і самі таты і мамы пажадаюць падзяліцца бацькоўскім вопытам — калі ласка, да нас!

 І яшчэ. Паважаныя бацькі, дзядулі і бабулі, цёці і дзядзі, там, дзе ёсць маленькае дзіця, абавязкова будуць смешныя выразы, нечаканыя адкрыцці. У шматлікіх сем’ях дзіцячыя опусы занатоўваюцца ў сшытак і беражліва захоўваюцца, каб потым, калі малыш падрасце, паказаць яму найкаштоўнейшую сямейную рэліквію — стары сшытачак. І яшчэ раз, хоць у думках, вярнуцца ў залатую пару дзяцінства. Мы прапануем вам падзяліцца часцінкай гэтага шчасця. Гэтыя шэдэўры павінны ўбачыць свет у рубрыцы «Вуснамі дзіцяці»!

 Дзень нараджэння — самае вясёлае і доўгачаканае свята. Шмат падарункаў, смачны торт! А як прыемна будзе да гэтага ўбачыць сваё фота ў газеце з пажаданнямі родных, блізкіх, сяброў. Рубрыка «Віншаванка» чакае вашых віншаванняў, пажадана з фотаздымкамі імяніннікаў.

 А таксама вашых слушных прапаноў: што б хацелася бачыць на дзіцячай старонцы, якія тэмы хвалююць вас і вашых дзетак?        

 Дасылаць допісы і фотаздымкі можна на адрас: 211120, г.Сянно, вуліца Чкалава, 4а, «Голас Сенненшчыны». Або на электронныя скрыні:

                rd@vitebsk.by, senno_red@tut.by. 

 

У першым выпуске “Галаска” («ГС»  №81  за 16.10.2010)  чытайце:

“Што такое анімэ? Або чым захапляюцца нашы дзеткі”. Пра сваё захапленне японскай анімацыяй расказвае анімэшніца, выхаванка гуртка «Юны карэспандэнт Насця Кулік. 

 “Галоўныя прынцыпы дзіцячага меню” — парады ўрачоўі псіхолагаў па пытаннях здаровага рацыёну вашага дзіцяці.

А  таксама гульні,  вершы,  анаграмы і нечаканыя выразы ў рубрыцы “Вуснамі дзіцяці”.