Рэчаіснасць без прыкрас. Добра, што хоць грошы ўзялі

Прыйшоў час абнавіць у спальным пакоі  пакрыццё для падлогі (палавік, як раней казалі). Зрабіла неабходныя замеры: даўжыню, шырыню, усё як след. І прыхапіла з сабою сантыметр. Так, на ўсялякі выпадак: у краме, вядома ж, замераць, параяць, што лепш, што горш.

 Прыйшла ў магазін. Выбар — не багаты, але і не бедны. Патрэбнай жа мне шырыні толькі адзін рулончык пакрыцця стаіць. Ды і той, гляджу, —  рэшткі.  Скручаны — на вока даўжыню прыкінуць складана. Прадавец аддзела  палавікоў-дываноў заняты з іншымі пакупнікамі. Стала побач, цярпліва чакаю. Мабыць, пакуль стаяла, ператварылася ў невідзімку, бо прадавец, як толькі вызвалілася, хуценька пашыбавала міма, не зважаючы на мае спробы звярнуцца з пытаннем. Нарэшце, перайшоўшы ледзь не на крык, удалося  прыцягнуць увагу работніка прылаўка да сваёй персоны. На пытанне,  якая даўжыня гэтых рэшткаў, гандлярка на хаду адказала: «Дакладна не ведаю, метраў пяць, магчыма». Маё абурэнне (як не ведаеце? я ж купіць хачу!) патанула ў прасторы, не дасягнуўшы, відаць, вушэй прадаўца.

 Пакуль у разгубленасці думала, што рабіць (бегчы скардзіцца не ў маіх правілах), раптам успомніла, што са мной сантыметр. Вось і выйсце! Каб неяк дапамагчы самой сабе (кажуць жа, што выратаванне тых, хто тоне, іх жа рук справа). Памерала пакрыццё сама прама ў скручаным выглядзе. Потым узяла яго пад паху і пайшла па зале шукаць хутканогага прадаўца. Ледзь не на выхадзе з аддзела пачула пытанне: «А  вы ўсё ж будзеце купляць?!» Узяўшы рулончык у мяне з рук, прадавец звыклым рухам раскаціла яго прама па падлозе, дзе хадзілі пакупнікі. Прайшла па ім сама, несучы драўляны метр. Памерала, нарэшце. Дарэчы, аказалася амаль 6,5 метра.

 Разлічыўшыся і забраўшы пакупку, я падумала: вось гэта і ёсць самы сапраўдны, 100-працэнтны, можна сказаць, неназойлівы сэрвіс. Міжволі прыйшла і яшчэ адна, смешная, думка:»Добра, што хоць грошы ўзялі».

Таццяна Буракова