Скидками и акциями порадует своих покупателей Сенненское райпо в преддверии новогодних праздников!

1

Продавец отдела «Культтовары» Сенненского универмага Анастасия Кордова возле ёлочки с детскими рисунками.

Конкурс на лепшае афармленне

                Усе прадпрыемствы гандлю і грамадскага харчавання прымуць удзел у штогадовым конкурсе на лепшае святочнае афармленне. Бу­дзе наладжана светлавая рэклама, зроблена тэматычнае афармленне вітрын, фасадаў будынкаў, гандлёвых і абе­дзенных залаў.

У гандлёвых  аб’ектах спажыўтаварыства з’явяцца  навагоднія куткі, дзе ўстановяць ёлкі. А ва ўнівермагах г.Сянно і г.п.Багушэўск пакупнікоў будуць вітаць сучасныя цацкі — Дзед Мароз, Санта-Клаус і іншыя.

Пасля падвядзення вынікаў конкурсу магазіны-пераможцы атрымаюць прызы.

Каб ёлка была прыгожай

                З 19 снежня ў Сянне і Багушэўску пачнецца продаж навагодніх ёлак — галоўных гераінь самага добрага свята.

Не застануцца лясныя красуні без убораў. У магазінах УП «Сенненскія прамтавары» ўжо арганізаваны гандаль ёлачнымі цацкамі, іншай аздобай, навагоднімі касцюмамі. Аформлены прыкасавыя куткі з навагоднім асартыментам тавараў. Пашыраны святочны продаж арганізаваны ў магазінах Белай Ліпы, Ульянавічаў, Нямойты і іншых населеных пунктаў.

Для сельскіх магазінаў спажыўтаварыства закупіла ёлачных цацак на 10 млн рублёў. На такую ж суму іх засталося ў сельмагах з мінулага года. Усяго ва УП «Прамтавары» завезена ўпрыгажэнняў для святочных дрэў на суму 35 млн рублёў.

Свята падарункаў

                Для дзяцей Новы год — гэта не толькі ёлка-прыгажуня, але і салодкія пачастункі.

Гандаль ужо прапануе гатовыя («фабрычныя») навагоднія падарункі. Па меры набліжэння да святаў асартымент гэтых тавараў будзе пашырацца. На паліцах гандлёвых аб’ектаў з’явіцца ад пяці да пятнаццаці іх найменняў.

А ў «Кантыненце» пакупнікоў зацікавілі падарункамі з тэматычным афармленнем менавіта да 2016-га, які будзе годам Малпы. Некага прывабяць і «рукавічкі», напоўненыя рознымі салодкімі пачастункамі.

У залежнасці ад заявак прадпрыемстваў, устаноў, сельгасарганізацый раёна колькасць навагодніх падарункаў у магазінах будзе папаўняцца. Акрамя гатовых, пакупнікам прапануюць і падарункі, сфарміраваныя гандлёвымі работнікамі.

Акцыі для дзяцей і дарослых

                У аддзеле «Культтавары» Сенненскага ўнівермага (дзе па прычыне рамонту часова размясціўся «Дзіцячы свет») спажывецкае таварыства сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму правядзе традыцыйную акцыю «Рабі дабро — стань Дзедам Марозам». Сутнасць яе такая. Ёлку, устаноўленую у гандлёвай зале, упрыгожваюць малюнкамі і падзелкамі, якія вырабілі дзеці з мнагадзетных, прыёмных сямей, выхаванцы школы-інтэрната. Пакупнікі выбіраюць твор, які ім спадабаўся і купляюць яго аўтару падарунак. А напярэдадні Новага года падарункі перадаюцца хлопчыкам і дзяўчынкам.

У перадсвяточныя дні райспажыўтаварыства сумесна з пастаўшчыкамі правядзе акцыю па рэалізацыі тавараў па зніжаных цэнах. З 25 па 31 снежня будзе дзейнічаць акцыя «Калядны крэдыт».

Пройдуць выстаўкі-продажы і дэгустацыі харчовых тавараў з уручэннем заахвочвальных прызоў і падарункаў.

У райцэнтры і гарадскім пасёлку 24, 30, 31 снежня і 6 студзеня будуць арганізаваны пераднавагоднія і калядныя кірмашы па продажы харчовых і нехарчовых тавараў, ёлачныя базары.

Да святочнага стала 

         Улічваючы павышаны попыт на традыцыйныя прадукты да навагодняга стала, напярэдадні святаў для бесперабойнага гандлю ствараюцца запасы харчовых тавараў, у тым ліку і далікатэснага асартыменту, а таксама алкагольных і безалкагольных напіткаў.

З пачатку месяца аўтамагазіны гандлююць пашыраным асартыментам запатрабаваных і сацыяльна-значных тавараў, у тым ліку рэалізуемых па акцыях.

На прадпрыемствах грамадскага харчавання жадаючыя змогуць зрабіць заказы на выраб паўфабрыкатаў, гатовых страў, кулінарных прадуктаў, вэнджаніны.

Аматары святкавання Новага года з сябрамі і калегамі могуць заказаць карпаратыўныя мерапрыемствы. З улікам навагодняга меню ўдзел аднаго чалавека ў такім вечары абыдзецца ў 300-400 тысяч рублёў. Можна таксама зрабіць заказ на ранішнікі з салодкім сталом для дзяцей коштам 70 тысяч на дзіцяці.

Для ветэранаў  

         З 20 снежня ў магазінах «Родны кут» г.Сянно і г.п.Багушэўск пачнецца спецыяльнае абслугоўванне ветэранаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, якім прапануюць наборы прадуктаў са зніжанай на 5% гандлёвай надбаўкай.

Рэжым работы падоўжаць

     У цэнтральных магазінах харчовых і прамысловых тавараў Сянно і Багушэўска, аграгарадкоў і трасавых гандлёвых аб’ектах час работы 24, 25, 31 снежня, 1 і 7 студзеня будзе падоўжаны на 1 гадзіну. У гэтыя дні зменяць свой рэжым работы і аб’екты грамадскага харчавання.

Таццяна БУРАКОВА.